Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 15 (всего у книги 34 страниц)
Апісана ў трылогіі яшчэ і выпадковая жанчына-спакушальніца, маладзіца, якая здзіўляла героя сваімі грубымі паводзінамі. Лабановіч лаецца, крычыць на жанчыну, тым самым нібыта адразае шляхі да маральнага падзення сабе і ёй, хоча прымусіць яе і сябе глянуць на свет зусім іншымі вачыма. Нялёгка атрымаць перамогу над уласнымі слабасцямі, узняцца над самім сабою.
Бясхітрасную і шчырую казку-легенду аб тым, ад куль пайшлі прыгожыя дзяўчаты на Палессі, расказвае сястра Ядвісі Габрынька. Ад пакут і нягод стала дзяўчына хмаркай, і там, дзе праліваліся яе кроплі-слёзы, там вырасталі дзяўчаты-красуні.
Шмат пралілося кропелек дажджу, слязінак на шчодрую палескую зямлю. Шмат на Палессі прыгожых жанчын. Аб іх долі і шчасці – нямала старонак у творы Я. Коласа.
* * *
Якуб Колас пражыў багатае на падзеі, доўгае жыццё. Больш як паўстагоддзя плённай працы аддаў ён беларускай літаратуры. Пісьменнік унёс вялікі ўклад у развіццё розных жанраў. Ён перакладаў з рускай мовы на беларускую творы А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча.
Коласаўскія традыцыі ў прозе, паэзіі, драматургіі, публіцыстыцы з поспехам развіваюцца і сёння.
Калісьці Я. Колас, выступаючы перад студэнтамі БДУ, вылучаў “тры бясцэнныя дары”, якімі валодае моладзь. “Першы дар —… маладосць, сіла, жыццярадаснасць”. “Другі дар – прасторныя, шырокія дарогі ў жыццё”. А “Трэці дар… – трэці дар” моладзь павінна здабыць сама ў працы, навуцы, грамадскай дзейнасці. Гэта быў мудры і праўдзівы настаўнік. Пісьменнік памёр 13 жніўня 1956 г.
Вялікі ўклад унёс народны пясняр Беларусі Якуб Колас у скарбонку духоўнай культуры беларускага народа.
Янка Купала і Якуб Колас: агульнае і адрознае ў творчасці. Калі глянуць на карту Беларусі, абрысы яе нагадаюць дубовы лісток з мноствам сініх пражылак-рэк. Відаць, што праз усю Беларусь цячэ бацька-Нёман. А пачынаецца ён з Нёманца і Лошы, з двух прытокаў, якія з-пад зямных напластаванняў вырываюцца на прастору на Уздзеншчыне, нібы ўвабраўшы ў сябе сокі зямель Мікалаеўшчыны – на Стаўбцошчыне і Радашковічаў на Маладзечаншчыне (А. Лойка). Паўнаводным рэчышчам імкне ў будучае стагоддзе беларуская літаратура. Пачатак яго – у творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. З самага прыходу ў літаратуру першы з іх узяў на свае плечы лірыку і драму, другі ж з поспехам развіваў лірыку і эпас. Гэта было абумоўлена характарам талентаў кожнага з іх, талентаў, вельмі падобных па магутнасці здзейсненага, па шырыні і глыбіні ахопу народнага жыцця, пранікнення ў глыбіню дум народных, па выяўленні народнага духу і свядомасці, прыкмет і асаблівасцей народнага жыцця, па раскрыцці філасофіі быту і быцця працоўнага люду на вялікім гістарычным пераломе, на мяжы дзвюх эпох.
Янку Купалу нездарма называюць “валадаром дум народных”, мар і памкненняў гарапашнага люду. Ды і сам паэт не аднойчы прызнаваўся, што ён толькі падслухаў тое, што турбуе народ, што яго хвалюе, падслухаў думы і спадзяванні народныя, узяў ды перанёс усё гэта на паперу. Купала – паэт-прарок, паэт-вяшчун, паэт долі і нядолі, гора людскога і радасцей, паэт пакутлівага паходу сляпой і глухой працоўнай грамады да лепшай долі, за праўду, па шчасце, па волю, па роўнасць, па справядлівасць, па Бацькаўшчыну. Купала – паэт надзеі людской, мары народнай. Свет паэзіі Я. Купалы – гэта свет фантазіі творцы. Яго вершы менш за ўсё аўтабіяграфічныя, яны – святло і цень, пробліск сонечных прамянёў, роздум і смутак над доляй мужычай. Вершы Купалы – поліфанічныя, вельмі пачуццёвыя, меладычныя, у іх багата гукаў і адценняў. Шмат фарбаў і нюансаў пераліваецца ў іх.
Іншай бачыцца творчасць Якуба Коласа. Калі Колас зямля, “глеба і глыба” (А. Разанаў), дык Купала – неба над роднай зямлёю, калі Колас – хлеб, дык Купала – песня. Колас – гэта завершанасць, кола, паўната прасторы, Купала – парыў, выйсце з кола, страла і промень, іскра ў начной цемры. Колас – цяпло роднага дому, трываласць і спакой, ураўнаважанасць і глыбіня, філасофскі погляд на чалавека і рэчы ў свеце, Купала – лірычны неспакой, трывога за родны край і за яго людзей, узрушанасць у хадзе, арліным поглядзе ўвысь, імкненне вырвацца з цянётаў звыкласці быцця, спроба хоць бы ў вершах зламаць, парушыць адвечны спакой, абудзіць, паклікаць і павесці да святла.
Такімі ж рознымі застылі ў камені і бронзе, у бетоне – у помніках – Янка Купала і Якуб Колас у горадзе Мінску. Нібы зліваючыся з зямлёю, вырастаючы з зямлі, у акружэнні сваіх герояў сядзіць трывала, масіўна Якуб Колас, падпёршыся рукой, поўны дум і разваг. Наўкола растуць яго любімыя бярозы і дубы. Янка Купала – у далёкай і цяжкай хадзе, у самотным блуканні з вечным спадарожнікам – сукаватым кіем, калючым і пакутным, як нялёгкая доля паэта. Углядаецца ён у далячынь, нібы застыў перад намі, задумлівы і невясёлы, з падцятымі вуснамі, засяроджаны.
Драма купалаўскага мужыка – што ён яшчэ той самы, што не змяніўся, што не пераадолеў сябе. Драма коласаўскага мужыка – што ён ужо не той самы, што змяніўся. Як пісаў А. Разанаў, у Я. Коласа мужык – толькі калі ён найболей мужык, тады ён найболей і чалавек…
Купала і Колас – блізкія, але і розныя. Яны ў літаратуры застаюцца разам – удвух, дапаўняючы адзін аднаго Як пісаў той жа А. Разанаў у сваіх “нататках на дубовых лістах”, “стыхія Коласа – не надзем’е (вышыня) і не падзем’е (глыбіня), а сфера, ураўнаважаная імі – зямля”. Калі Купала парываецца ад зямлі, то Колас шукае зямлю, каб на ёй трывала стаць. Любімае дрэва ў Я. Коласа дуб, які глыбока пусціў карэнне ў зямлю. Колас ніколі не адыходзіў ад роднага дому далёка, вяртаючыся зноў і зноў да роднай зямлі, якая ўжо бачылася яму абноўленай, новай зямлёю. Дарога для Коласа – шлях у нязведанае, абноўленае, для Купалы ж дарога – узлётная паласа. Купала – паэт-рамантык, Колас – рэаліст. Купала – рэвалюцыянер народнага духу, Колас – тлумачальнік народнай свядомасці, яе летапісец. Колас – прыземлены, Купала – праменісты, зіхоткі, феерычны. Купала ў паэзіі – увесь у разладзе з рэчаіснасцю, наструнены, пеністы, выбуховы, Колас – у гармоніі знешняй і ўнутранай, у адпаведнасці з настроем і ладам жыцця. Купала ірвецца ў свет ад зямлі, ад забітасці і цемры людской, Колас – вяртаецца на зямлю, у свой родны, мілы кут.
Увесь у парыванні, у марах і мроях, у летуценні, як бы ў пошуках кветкі-папараці Янка Купала. Ніхто не бачыў, не сустракаў тую кветку шчасця, кветку-легенду, кветку-мару. Такім жа спадзевам на шчасце чалавечае, на здзяйсненне мары поўніцца і творчасць Купалы, які ўзяў сабе за псеўданім найменне свята, калі расцвітае чароўная папараць-кветка. Купала – у часе, у хадзе, Колас – у родных прасторах. Шлях Купалы – ад тутэйшасці ў вялікі свет, шлях Коласа – з вялікага свету – у свой асяродак, да тутэйшасці, да роднага і блізкага, да зямлі.
Купала пачынаў пісаць па-польску, Колас – па-руску. Купала абапіраўся на традыцыі польскіх рамантыкаў, а Колас – на рускую класіку. Потым прыйшлі да абодвух здабыткі іншых літаратур.
Як Купала, так і Колас – выразнікі характару беларуса, яго нацыянальнай свядомасці, глыбіні душы, паўнаты светаўспрымання і светаразумення, народнага светабачання.
Пытанні для кантролю
1. Прасачыце шляхі фарміравання Я. Коласа як чалавека і пісьменніка. У чым аўтабіяграфічнасць яго твораў?
2. Чым вызначаюцца апавяданні Я. Коласа 20-х гадоў ХХ ст.?
3. У чым вы бачыце энцыклапедычнасць паэмы Я. Коласа “Новая зямля”?
4. Каму прысвечана паэма Я. Коласа “Сымон-музыка”? Як вы думаеце, чым гэта абумоўлена?
5. Тры кнігі рамана “На ростанях” – тры этапы станаўлення самасвядомасці героя. Пазначце шляхі станаўлення самасвядомасці Андрэя Лабановіча.
6. Асаблівасці і характар узаемаадносін пісьменнікаў старэйшага і малодшага пакалення ў 20-я гады ХХ ст. Якуб Колас і маладнякоўцы.
7. Роля коласаўскіх традыцый у развіцці беларускай літаратуры.
8. Янка Купала і Якуб Колас. У чым падабенства і ў чым адрозненне іх творчасці?
9. Назавіце найбольш значныя творы Я. Купалы і Я. Коласа.
Максім Багдановіч (1891–1917)
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарках залётных агня…
Максім Багдановіч
Максім Багдановіч уваходзіць у пантэон самых слынных і вялікіх паэтаў свету. Гэта сапраўдны эрудыт, выдатны майстар верша. Ён – гонар і слава Беларусі. Што зрабіла яго такім? Ён быў паэтам у душы, глыбокім мысліцелем, інтэлектуалам, чалавекам, “адзначаным геніяльнасцю” (Я. Пушча), носьбітам яркай, выразнай ідэі нацыянальнага ўзвышэння. Жыў самотна, але не быў адзінокім. Гадаваўся ў цікавым, высокакультурным асяродку, мала бываў на Беларусі, але стаў вялікім самабытным паэтам беларускага народа. Мала хто меў спадзяванне, што паэт назаўсёды звяжа свой лёс з Беларуссю.
Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Гэта напісаў М. Багдановіч пра свой адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі “Вянок”, якому наканавана было стаць беларускай класікай. Жыццё беларускага народа трывала ўвайшло ў асабістае жыццё творцы, назаўсёды запаліўшы зорку паэта на небасхіле роднага краю, зорку, якая стала незгасальнай, зорку, якая дала незвычайны зорны пасеў М. Багдановіча ў беларускай паэзіі.
Паэта фарміруе час, асяроддзе, ягонае атачэнне, абставіны жыцця, а сілкуюць яго творчасць вялікія і значныя ідэі Бацькаўшчыны і народа, да якога ён належыць. Вось менавіта ўсё гэта і зрабіла М. Багдановіча зоркай беларускай паэзіі.
Максім Багдановіч, які нарадзіўся ў канцы XIX ст., пачаў пісаць амаль адначасна з Янкам Купалам і Якубам Коласам, тварыў поруч з М. Гарэцкім, А. Гаруном, С. Палуянам, Цёткай (А. Пашкевіч), з братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі, В. Ластоўскім, назаўсёды звязаўшы свой лёс з “нашаніўскай парой” у беларускім нацыянальна-культурным Адраджэнні. Вялікая ідэя будаўніцтва нацыянальнага дому і зрабіла М. Багдановіча паэтам. Сілу мастака паэт бачыў у служэнні свайму народу.
Сваю творчасць М. Багдановіч бачыў толькі ў кантэксце лепшых здабыткаў паэзіі народаў свету, набліжаючы беларускі верш да класічных твораў сусветнай паэзіі, чужое робячы здабыткам свайго народа, сваё – нацыянальны дух – выводзячы ў вялікі свет. М. Багдановіч уваходзіў у паэзію як пясняр менавіта беларускага краю, са “Згукамі Бацькаўшчыны”, як паэт горада і вёскі, красы прыроды, высокага і светлага кахання, абуджанага ад дрымоты, стагоддзямі забытага краю і народа. Пра гэта “Санет” М. Багдановіча:
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршку насення жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
Усе, хто ведаў паэта, не праміналі кожны раз падкрэсліць, што гэта быў вельмі прыгожы юнак, высокі, з каштанавымі валасамі, што хваліста пераліваліся, з карымі вачыма, адухоўленым тварам.
Лёс быў неміласэрны да яго, зрэшты як і да яго любай старонкі, дзеля якой, адзінай, ён, самотны геній, жыў, тварыў, пра якую не пераставаў думаць, пра якую марыў у доўгія часы расстання.
Нарадзіўся паэт у Мінску, а памёр удалечыні ад Радзімы – у прапаленай сонцам Ялце, пахаваны ў цвёрдым жорсткім доле паўднёвага краю – “у краіне светлай”, “ля сіняй бухты”.
У сваім родным гняздоўі – у Мінску – прабыў двойчы без малога ўсяго па паўгода, каб навечна прапісацца ў родных мясцінах як аднаму з галоўных, першых сярод асабліва зацікаўленых, апантаных дойлідаў нацыянальнага дому.
Пісаў М. Багдановіч пра родны край і яго людзей, пра красу душы чалавека, тварыў ён з думай і марай пра лепшую долю Беларусі ў свеце.
Мову сваю родную, беларускую, ён вывучаў удалечыні ад дому, на чужыне, а валодаў ёю дасканала, як валодаюць тутэйшыя людзі, нёс у сэрцы па жыцці. Бацька паэта, Адам Ягоравіч, лічыў захапленне сына “беларускай ідэяй” марным і бесперспектыўным. Аднак Максім зрабіў у паэзіі, прозе, крытыцы, перакладах столькі, што застаўся ў гісторыі беларускай літаратуры навечна, хоць пражы ў усяго толькі дваццаць пяць гадоў.
У пакоі ў Яраслаўлі, дзе жыў беларускі паэт, над ложкам вісела добрая копія сусветнавядомага палатна “Сіксцінская мадонна” Рафаэля Санці, падораная сям’і Багдановічаў Максімам Горкім. Бацька паэта і славуты рускі пісьменнік былі жанаты з роднымі сёстрамі, Кацярынай і Аляксандрай Валжыных. Вобразы беларускіх мадоннаў не пераставалі хваляваць уражлівае уяўленне юнага паэта.
Зерне, калі падае на неўрадлівую зямлю, застаецца адно, але паміраючы, яно дае новыя ўсходы. Так гаворыцца ў Евангеллі. Творчасць М. Багдановіча на жыватворнай ніве беларускай паэзіі дала багатыя ўсходы. Паэта не стала, а пакінутыя ім цудоўныя ўзоры высокай паэзіі працягваюць захапляць усё новыя пакаленні чытачоў.
Ведаў паэт, што дні яго злічаныя, бо здароўе з васямнаццаці гадоў падточана хваробай, а жыў з вялікай верай, нёс у глыбіні душы спадзяванні на новы ясны дзень і лепшую долю народа, хоць наўкола было так мала добрага.
Моцна кахаў, але каханне ягонае так і засталося няздзейсненым. Яму не давялося хоць крыху прайсці па жыцці з любімай і дарагой яму дзяўчынай, бо ён не мог нават дазволіць сабе даць хоць якое спадзяванне на шчасце той, якую хацеў бы бачыць поруч, – “Чым болі сходзіць дзён, начэй, / Тым імя мілае вышэй”.
Жыццё не песціла яго – вайна, голад, хваробы, ростані, але – “маладыя гады – маладыя жаданні”. Пад пяром ніжагародскага, а пазней яраслаўскага гімназіста злучаліся ў адзінае цэлае зоркі на небе і людзі на зямлі:
Калі заблішчыць гэта зорка,
Самая цудоўная, самая далёкая,
Скажыце ёй, што ёй належыць
маё каханне,
О, апошнія з чалавечага роду.
Такі эпіграф з верша французскага паэта Сюлі-Прудома ўзяў М. Багдановіч да верша “Раманс” пра зорку Венеру – ранішняе і вячэрняе зіхаценне.
“Загадка Багдановіча” – так назваў сваю кнігу-эсэ пра паэта таленавіты літаратар у беларускай мастацкай творчасці і таксама адзін сярод нямногіх сапраўдных дойлідаў нашага нацыянальнага дому – М. Стральцоў.
Максім Багдановіч быў загадкай, як і ўсякі сапраўдны талент, загадкай, якую прыйдзецца разгадваць новым пакаленням яшчэ доўга.
Паэт запамінаецца найперш радкамі сваіх вершаў. Услухайцеся ў стройную плынь слова, у незвычайную мелодыку ягоных вершаў, каб зноў і зноў адчуць “пульс” яго паэтычнага дару. “Цёплы вечар, ціхі вечар, свежы стог, / Улажылі спаць мяне вы на зямлі…”, “Блішчыць у небе зор пасеў. / У полі – рунь, у небе – рунь…”, “Добры вечар, Зара-Зараніца! / Ужо імгла над зямлёю лажыцца…”, “Плакала лета, зямлю пакідаючы. / Ціха лі ліся слязінкі на поле…”, “Шпарка коні імчацца у полі, сумна бомы гудзяць над дугой”, “Здароў, марозны, звонкі вечар! / Здароў, скрыпучы, мяккі снег! / Мяцель не вее, сціхнуў вецер, / І волен лёгкіх санак бег…”, “Ад родных ніў, ад роднай хаты…”, “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”, “Не кувай ты, шэрая зязюля…”, “Маладыя гады – маладыя жаданні”, “Народ, Беларускі Народ!..”, “Цябе не пушчалі з ярма / І душу тваю абакралі, – / У ёй нават мовы няма. / Збудзіўшысь ад грознай бяды… /…Пачуйце жа гэта, пачуйце, / Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!”
“Як слова наша адзавецца…” у душах, у сэрцах людскіх? А ў народзе? У свеце? Пачуйце, людцы добрыя, голас “бесскрыдлатага”, з падрэзанымі жыццём крыламі, але акрыленага народам і ідэяй вялікага і любімага песняра свайго, божую душу, зразумейце яго і запамятайце. Ён хацеў паяднаць усіх вас, зрабіць тым вялікім народам у свеце, які імчыць на шпаркім кані, імчыць удалячынь, баронячыся з Захаду і з Усходу, гатовы “ўмерці” за край, за “маці родную”, “Маці-Краіну”, якую ён просіць прыняць як сына, каб сцішыць “гэтакі боль”.
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…
(“Пагоня”)
Беларускую літаратуру і культуру Максім Багдановіч бачыў не іначай як у кантэксце дасягненняў сусветнай культуры. Беларускае слова ўздымаў да ўзроўню класічных твораў. Так з’яўляліся цыклы вершаў: “У зачарованым царстве”, “Старая Беларусь”, “Места”, “Думы”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Вольныя думы”, “Старая спадчына”, “Мадонны”, “Каханне і смерць” і інш. Перакладчык, крытык, паэт, публіцыст, гісторык роднай літаратуры, ён стаў яе класікам пры жыцці.
Сям’я Багдановічаў нядоўга жыла ў Гродне, маленства і юначыя гады Максіма прайшлі ў Яраслаўлі. Вучыўся ў гімназіях Ніжняга Ноўгарада, Яраслаўля. У Яраслаўлі скончыў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, працаваў адвакатам. У Мінску працаваў сакратаром губернскай харчовай камісіі. Зімой 1917 г. паехаў у Ялту лячыцца. Там 25 мая 1917 г. памёр, там жа і пахаваны. Непрацяглым быў жыццёвы і творчы шлях паэта. Першае алегарычнае апавяданне “Музыка” з’явілася ў “Нашай ніве” ў 1907 г., адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў пад назвай “Вянок” выйшаў у Вільні ў 1913 г.
Паэтычны космас “Вянка” – гарманічны, цэласны свет чалавека і прыроды, чалавека і красы, адухоўленасці, чалавека і Сусвету. Творы М. Багдановіча вырасталі на рэальным грунце, многія з іх мелі выразны аўтабіяграфічны характар.
Кніга лірыкі “Вянок” успрымаецца як адзінае цэлае, у ім пагружэнне ў жыццё адбываецца па своеасаблівых цэнтрабежных кірунках: адзін з іх – рэаліі беларускага жыцця, Беларусь, яе быт, прырода, міфатворчасць, а другі – мастацтва, адбіццё жыцця ў мастацкім творы нібы ў зачараваным люстэрку, у якім праламляліся рэмінісцэнцыі не толькі з беларускага фальклору, з расійскай літаратуры, але і з літаратуры славянскага свету, з сусветнай класікі. Чалавек – прырода – Вечнасць – матывы цыкла “У зачарованым царстве”, гісторыя і бессмяротнасць – тэмы “Старой Беларусі”, Радзіма і смерць – у “Думах”, горад і Вялікі свет – у цыкле “Места”, мастацтва – жыццё творцы, сэнс жыцця – у “Вольных думах”, “Старой спадчыне”. У творах паэт імкнецца разгадаць таямніцу жыцця чалавека на зямлі.
Паэта хвалююць усеабдымныя філасофскія праблемы дабра і зла, сэнсу жыцця, пошукаў ісціны, гармоніі, красы, праўды.
У лірычным зборніку паэзіі “Вянок” найяскравей выявіліся патрыятычныя пачуцці паэта. Якім жа паўстае “Зачарованае царства” – родны край – у паэзіі мастака слова? Тут згадваюцца родныя песні продкаў у суадноснасці з думамі паэта аб долі роднага краю. Гэта лірычны пейзажны верш “А дзе ж тая крынічанька, што голуб купаўся”, верш-трызненне аб родным краі “Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю”, у якіх выяўлены самотныя настроі народных песень аб векавечнай бядзе і няласкавай долі людской. Вяршыняй твораў аб роднай Беларусі стаў верш “Краю мой родны! Як выкляты Богам…”, у якім паэт задумваецца над гісторыяй роднай стараны, доля з якой нібы смяялася, нібы вечны праклён ляжаў на гаротным лёсе людзей.
У нізцы вершаў “Старая Беларусь” праявілася жаданне абудзіць у сэрцы і душах матывы “васільковай” Беларусі, якую не забыць, якой не пазбыцца ні ў блізкім ні ў далёкім выгнанні, ні ў паходзе, ні за морам, ні за гарамі.
У раздзеле “Места” паэт упершыню ў беларускай паэзіі ўздымаў тэму горада, азіраючыся назад, у сярэдневяковую Беларусь, бачыў новы горад, напоўнены прамыслоўцамі, рамеснікамі, кніжнікамі, крамамі, агнямі ліхтароў, горад, слаўны сваімі векавечнымі дэмакратычнымі традыцыямі, вольны, незалежны, працавіты, горад, які надзелены магдэбургскім правам, са сваім укладам, адметнымі спосабамі самарэгуляцыі і самаўдасканалення.
Несумненна, што найбольш глыбокае праяўленне ў “Вянку” знайшла тэма роднай прыроды. М. Багдановіч – паэт-пейзажыст, тонкі, акварэльны, улюбёны ў свой край. Малюнкі і фарбы змяняюцца ў залежнасці ад настрою паэта: ці былі гэта поле, лес, бор, ці майскія кветкі, ці зімовая дарога, ці вечар, надвячорак – любімая пара дня ў паэта. Гэта вершы: “Па-над белым пухам вішняў”, “Цёплы вечар, ціхі вечар, свежы стог…”, “Зімой” і інш. Паэт зліваецца з прыродай душой, умее чуць, як расце трава ў цішы, бачыць, як дрыжаць “ад ветру зоркі” ў небе, пяе “гімн вясне” і сонцу, бачыць, як звініць “дрыжачымі крыламі” ў сонечным цаліку “сінякрылы матылёк”, чуе музыку прыроды – “музыку сэрца”.
“Вобразы прыроды, – пісаў А. Лойка, – былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, сімвалам немінучага адраджэння краю”, абнаўлення яго гістарычнага жыцця, прыходу лепшага будучага:
Зразаюць галіны таполі адну за адной…
Без скаргі яны на зямлю чарадою лажацца,
Бо смерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной
Магло бы хутчэй развівацца.
(“Зразаюць галіны таполі адну за адной…”)
Думкамі аб “новай вясне”, патрабаваннямі актыўнага грамадзянскага існавання, скіраванага на самааддачу, на беззапаветнае служэнне ідэалам Бацькаўшчыны, беларускай ідэі, высокай творчасці, напоўнены зборнік паэта. Гэта – вершы аб маральна-этычным самаўдасканаленні асобы, аб высокім прызначэнні мастака і мастацтва, аб спецыфіцы мастацкай творчасці, народнасці, каранях, аб высокай ролі паэта ў абуджэнні свядомасці народа і кансалідацыі яго духоўных сіл (“Зразаюць галіны таполі адну за адной…”, “Рушымся, брацця, хутчэй…”, “Песняру” (“Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей”), “Дзе, вы, лясоў, палёў цвяты?..”, “Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы…” і інш.).
Надзвычай запамінальны цыкл вершаў М. Багдановіча “Каханне і смерць”. Каханне – высокае самакаштоўнае пачуццё. Яно даецца чалавеку, каб той адчуў жыватворны прыліў новых сіл, энергіі, каб усвядоміў сваё прызначэнне на зямлі, усвядоміў неабходнасць не толькі прыйсці ў гэты свет, зведаць і адчуць цягу да каханага чалавека, але і змог, здолеў зразумець, што дзякуючы каханню, цаною нават уласнага жыцця можна пайсці ў бессмяротнасць – даць жыццё іншай істоце, такім чынам перамагчы смерць і жыць, узвысіцца над светам, падняцца да Сусвету. Кахаць і быць каханым – абавязак чалавека на зямлі. “Толькі закаханы мае права на званне чалавека”, пісаў выдатны паэт А. Блок. Закаханасць – натуральны стан чалавека. Але пакахаць – гэта і крыху памерці, як кажуць філосафы. Каханне ўзвышае, дае крылы, але яно і прымушае нібыта растварыцца ў іншай асобе, патрабуе нават самазнішчэння, самаадмаўлення, самаахвярнасці. Паэт апявае подзвіг жанчыны, якая “ў мучэннях памірае, каб жыццё дзіцёнку даць!”, як у вершах “З енкам ты дзіцё раджаеш…”, “Без сіл, уся ў пату, як белы снег, блядна…”, “Пасля радзін ты ўсё штодня марнееш…”.
Паэзія М. Багдановіча – узнёслая, глыбока філасофская, трагедыйная, паэзія болю і тугі, расчаравання, пакут духоўных і фізічных. Сам паэт цяжка хварэў на сухоты, яго жыццёвыя сілы згасалі на вачах, хоць ён і не паддаваўся смутку, жалю, але невядомасць таго, колькі яшчэ яму адлічыць дзён і начэй “шэрая зязюля”, прымушала думаць аб хуткаплыннасці жыццёвага кругабегу, калі паэт пытаўся ў птушкі-вяшчункі: “…скажаш, што я жыці буду, / Але лепш не гавары. / Бо не тое сведчыць маё сэрца, / Грудзі хворыя мае…”.
Жыццёвым сімвалам, па вобразным выказванні А. Лойкі – сімвалам паэзіі, стане для М. Багдановіча лебедзь – срэбракрылы птах з ягонай лебядзінай песняй і неўміручай прагай узняцца ў неба, адкуль ён рынецца “ў бой з жыццём”.
Такім “боем з жыццём” былі і застаюцца жыццёвы і творчы подзвіг патрыёта роднай зямлі, таленавітага, акрыленага высокім духам ідэі нацыянальнага ўзнясення. М. Багдановіч пастаянна шукаў прыгажосці ў жыцці і апяваў яе ў вершах.
Прырода эстэтычнай каштоўнасці вершаў паэта ў заземленасці і ва ўзвышэнні, у палеміцы з рэалістычна-канкрэтнай паэзіяй, бытавым апісаннем і ў абагульненні ўзлёту чалавечага духу з рэальнымі адчуваннямі, у космасе ўласнага паэтавага светастварэння.
“Страцім-Лебедзь” – так называецца паэтычная апрацоўка апакрыфічнай легенды. Паводле старажытнай легенды, Страцім-Лебедзь сам вырашыў уратавацца ад патопу, узняўся над Ноевым каўчэгам, бараніўся, але згінуў, даўшы жыццё іншым птахам, да канца ўтрымліваючы на сваіх магутных крылах сваіх сабратоў, якія абляпілі яго, ратуючыся ад стыхіі. М. Багдановіч стварыў дзве паэмы: “Максім і Магдалена” – аб няроўным каханні вясковага юнака да дачкі старога ваяводы, а таксама “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык” – зноў жа пра каханне… “мушкі і камарыка”, якое завяршылася трагічна з-за нядбальства і няўмельства мушкі, што каштавала жыцця камарыку. Скрозь усмешку прабіваўся напамінак пра нашу сялянскую беларускую блізарукасць і даверлівасць, пра звычайныя чалавечыя слабасці, бо ў вобразах усіх гэтых хрушчоў, чмялёў, пчол, мушак ды казюрак бачацца людзі з іх слабасцямі і недахопамі ў характарах і паводзінах.
Верш М. Багдановіча “Мяжы” быў надрукаваны ў газеце “Наша ніва”. Кажуць, лепш добры мір у дрэнных межах, чым вайна ў добрых межах. Амаль усе войны распачыналіся з-за тэрытарыяльных прэтэнзій. У той год, якім пазначаны верш паэта, пачалася Першая сусветная вайна, у якую былі ўцягнуты шмат якія народы і краіны свету. Багдановіч нічога не гаворыць пра войны, але ён звяртае ўвагу на падзеленасць свету, на тыя межы, якія аддзяляюць народы і краіны. А якое жыццё ў тых межах? Верш даволі вялікі, разгорнуты, аналітычнага характару. Спакваля паэт сведчыць аб той раз’яднанасці, якая пануе ў свеце на “абшарах зямлі”. Межы – розныя. Канаўкі, шнуры, “стопудовыя гранічныя каменні”, калючы строй “штыкоў”, рэйкі чыгунак, “платы, мяжы”.
Нязмерны вольныя прасторы
Святой зямлі, – а чалавек
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,
Хаваўся ў іх, як ліс у норы.
Гэта несамавітае жыццё працаўнікоў, адгароджаных ад свету межамі: “Пабач, што робіцца за гэтымі платамі”. Паэт, патрыёт і гуманіст, сцвярджае, што для чалавека, які “стварыў” усе багацці “на зямлі”, не павінна быць межаў, бо скрозь відна праца рук ягоных, радуе вока і цешыць душу плён людскога шчыравання на зямліцы: “Глядзі: па ўсёй зямлі святой / Шырокай хваляй залатой / Без краю блішча збожжа мора, / Цвітуць лугі, шумяць лясы…” Зямля належыць усім, на ёй толькі цешыцца, любавацца, бо “так многа ёсць паўсюль багацця і красы”. Віною людскіх бедаў – адасобленасць, няўменне альбо нежаданне знішчыць тое, што падзяляе, а не шукаць, што аб’ядноўвае, змаганне з нястачай, бядой, нішчымніцай у адзіночку (“Бо скрозь – мяжы, бо скрозь – платы”). Верш набывае агульначалавечае гучанне, бо такая ізаляванасць можа абярнуцца страшэннай бядой. Не толькі “на гасударстваў рубяжы” падзелены свет, душы людскія скалечаны адчужэннем і адасобленасцю, што цягне за сабою выраджэнне асобы. А жыццё ж такое кароткае, імгненнае, колькі б ні было адпушчана “дзён, начэй”. Дык трэба яго пражыць з разуменнем хуткаплыннасці часу, як сказана ў вершы “Жывеш не вечна, чалавек”. На адным старадаўнім-старадаўнім гадзінніку нейкі мудрэц напісаў на цыферблаце: “Цяпер намнога больш, чым ты думаеш”. Як цудоўна сказана! М. Багдановіч бярэ для верша эпіграф з В. Гюго: “Праходзіць, не пакідаючы нават свайго ценю на сцяне”. Выдатна адзначана! Што праходзіць? Жыццё, сам чалавек праходзіць, дзень, сонца, змрок, вечарніца? Усё. Таму варта пражыць такім чынам, каб штохвілінна жыццё кожнага было напоўнена сэнсам і зместам, каб спрасаваны Сусвет і Чалавек адчулі адзінства, улавілі той момант, у які ўкладваецца не дзень, год, а век. Паэт гаворыць:
Жывеш не вечна, чалавек,
Перажыві ж у момант век!
Аўтар падказвае, якім павінен быць той “момант”, чым напоўнены, што можа і павінна хваляваць асобу, што неабходна зрабіць, каб пакінуць “свой след” на зямлі, каб не дарма праіснаваць, а ўспрымаць рэчаіснасць і з трывогай – “разгонам”, і з перапоўненымі “цераз край душы” светлымі парываннямі і пачуццямі. Галоўнае – заставацца Асобай, духоўна багатай, апантанай, няўрымслівай, але цэльнай і гарманічнай:
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
Паэзія М. Багдановіча – філасофска-канцэптуальная, яна перадае настрой паэта, прымушае задумацца над зместам і сэнсам чалавечага існавання. Чалавечае жыццё самакаштоўнае само па сабе, і маштабы гэтага жыцця вымяраюцца не шырынёй ахопу падзей – дзе быў, што ўбачыў, і нават не знешнімі справамі на карысць іншых, хоць гэта важна, але глыбінёй самога сябе, космасам душы, трывогамі, пачуццямі, думкамі, што складае сутнасць быцця.
Чалавек у свеце – вось змест паэзіі вялікага паэта. Свет – авансцэна, “арэна”, аб’ект дзейнасці чалавека, якую ён ажыццяўляе ў адносінах да знешняга асяроддзя і з дапамогай Сусвету. Але і вялікі свет прад’яўляе свае прэтэнзіі да чалавека, таму ён павінен задумацца, а які ж свет у ім самім. Перш за ўсё чалавек павінен зразумець самога сябе, сваё прызначэнне, абавязаны разбірацца ў сваіх уласных прэтэнзіях – чалавек павінен пазнаць самога сябе.
Дзеянні і справы людскія даўно і крапатліва “занатоўваюць” летапісцы часу. Апостал усклікаў: “Вы – святло свету! Хай жа свеціць святло ваша перад людзьмі!” “Летапісец” так называецца адзін з вершаў М. Багдановіча.
І спісвае усё ад слова і да слова
З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
Для будучага працуюць перапісчыкі і летапісцы, каб не загінула памяць дзён мінулых, не парвалася су вязь часоў і пакаленняў: “І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх”. Памяць аб нашых продках і мінулых днях жыве, пакуль раскрываюцца драўляныя ці ў падрапанай скуры кніжныя вокладкі, пакуль можна прачытаць старадаўні рукапіс, радкі, якія даносяць да нас спадзяванні, настроі, трывогі мінулых пакаленняў, з якімі дзякуючы працы летапісцаў аб’ядноўваюцца людзі новых дзён. Праца летапісцаў – удзячная, але і вельмі складаная. Нельга прапусціць галоўнае, варта заўважыць дробязі, тады для новага часу з’явіцца магчымасць даведацца “аб горы, радасцях”, аб іх “прыгодах”, “каму маліліся”, “чаго яны шукалі”, “дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі”. Паэт – таксама летапісец свайго часу. І ён павінен стаць узорам для верных у слове, у справе, у любові, у духу, у веры, і ў чысціні душы. Такой з’яўляецца творчасць генія беларускага народа, які так рана завяршыў свой зямны апостальскі шлях.
Паэзія кахання ў М. Багдановіча – адна з самых яркіх, праніклівых і прыгожых у беларускай літаратуры. Што ёсць прыгажосць? Посуд ці агонь, які ў ім блішчыць? Высокая паэзія кахання ў паэта сапраўды “зіхаціць”, “ззяе” ў вышыні. Такі “Раманс” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю”). Верш чароўны, напоўнены хараством і прыгажосцю, велічнасцю чалавечых пачуццяў, асветленых праменем далёкай зоркі, той зоркі, дзе зліваюцца погляды закаханых, разлучаных далёкімі адлегласцямі адзін ад другога, той зоркі, святло якой незгасальнае ў душы і сэрцы кожнага з іх і дапаможа хоць у думках, там, на небе, як і тут, на зямлі, заставацца неразлучанымі. Каханне Яго і Яе пачало разгарацца менавіта тады, калі “зорка Венера ўзышла”. Шчымлівае радаснае ўзрушэнне душы прымушала закаханага юнака “ўглядацца ў неба начное і зорку шукаць”.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.