Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 31


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 31 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

“Праца душы” распачынаецца з першых радкоў інфармавання аб мэце і змесце непрацяглай камандзіроўкі. Герой задумваецца над сваім паўсядзённым існаваннем. “Зрэшты, ён мог дазволіць сабе адпачыць пасля корпання ў бібліятэках, архівах, праўкі карэктур, розных патрэбных і непатрэбных паседжанняў, нарад, вучоных і рэдакцыйных саветаў, што аднімалі тыдзень за тыднем і месяц за месяцам”. Інтэлектуальны змест і накірунак творчасці пісьменніка І. Навуменкі з першых радкоў аповесці відавочны, стаўленне да штодзённасці крыху іранічнае, але цалкам аптымістычнае, без скрухі і жалю. Скрозь нараканні на штодзённую занятасць праступае задаволенасць разнастайнасцю жыццёвай змястоўнасці, радасцямі і багаццем сустрэч, жаданнем “трымаць руку на пульсе часу”, быць у эпіцэнтры па дзей, з’яў, імкненнем і гатоўнасцю станавіцца багацейшым яшчэ на адну паездку, шэраг новых сустрэч.

Празаік заўважае: “Ён (Высоцкі. – У. Н.) любіў ездзіць, але паездкі ў яго жыцці былі не частыя – адна, дзве на год, і ён мог пералічыць іх па пальцах”. У наступных радках пісьменнік перадае адчуванні чалавека, які прывык добра рабіць сваю працу, за будзённасцю ўмее ўбачыць духоўнае напаўненне, вялікую “працу душы”, якая можа быць намнога багацейшай, чым простае выкананне сваіх прамых абавязкаў. “Найбольш было будзённай аднастайнасці: на факультэт ці ў бібліятэку хадзіў адной і той жа вуліцай, бачыў знаёмыя будынкі, дрэвы, сустракаў добра знаёмых людзей, і пачынаючы з позняй восені, калі ў лесе канчаюцца грыбы, настройваўся на хвалю трызненняў пра новае лета”.

Такім чынам, “ён (герой. – У. Н.) ехаў у горад, дзе прайшла маладосць, і ціха шчымела пад сэрцам”. “Цягнік імчыць з поўначы на поўдзень, з краю ўзгоркаў, курганоў, асмужаных пралескаў на вялікую раўніну, дзе лясы большыя, дзе цячэ спакойная Прыпяць, хмурай ёлкі амаль не ўбачыш, затое натрапіш яшчэ на дубовыя гаі, што стаяць у дваццатым веку нібы сведкі сівой мінуўшчыны”.

У аповесці раскрыты шматлікія праблемы сучаснага жыцця, паказваюцца змены, якія адбываюцца ў горадзе і на вёсцы, наступленне эпохі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, будаўніцтва новых прадпрыемстваў, адкрыццё залежаў нафты на Палессі, новых радовішчаў карысных выкапняў, якія робяць геолагі, з адной з якіх – Галінай – знаёміцца галоўны герой. Праца журналістаў, настаўнікаў, працаўнікаў сельскай гаспадаркі, вучоба ў ВНУ, паводзіны студэнтаў у аўдыторыі, на экзаменах, у паездцы “на бульбу”, узаемаадносіны з людзьмі – усё гэта стала зместам аповесці. І над усім гэтым – творчасць. Герой працуе над раманам, а таму ў аповесці ажывае і сутыкаецца, пераплецена ў адзінае цэлае мінулае, сучаснае і будучае. У творы раскрываецца пярэдадзень “пакутаў творчасці”, зыходныя даныя для натхнення – “свята пачуццяў” – каханне. “Назаўтра свята пачуццяў працягвалася. Высоцкі ледзь дачакаўся чатырох гадзін – на гэты час было прызначана спатканне з Галяй, – хадзіў з кута ў кут па пакоі, браў кнігу, зараз жа адкладваючы яе ўбок, курыў, назіраў за дворыкам…”.

Філасофскія развагі пра назначэнне чалавека на зямлі, трываласць і крохкасць пачуццяў, паўнату душы, пранікненне ў творчую лабараторыю мастака слова, нялёгкія перыпетыі юнацкага свету і сталага веку займаюць пісьменніка ў аповесці “Замяць жаўталісця”.

Тут і згадкі пра свет паэзіі класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, думкі аб свабодзе з праекцыяй “на сённяшняе жыццё, на яго абсягі, далягляды”. Пісьменнік І. Навуменка заўважае: “Свабода – гэта перш за ўсё магчымасць выбіраць жыццёвыя дарогі”. Вобраз Высоцкага – вобраз удумлівага, багатага на жыццёвы вопыт, таленавітага і творчага інтэлігента пасляваенных гадоў на Беларусі. “Высоцкі вучыў сваіх удзячных слухачоў разумець паэзію, мову вобразнасці, музыку радкоў і строф, за маштабна-ўзнёслымі паэтычнымі катэгорыямі бачыць іх чыста зямныя вытокі”.

“Замяць жаўталісця” – аповесць вяртання ў маладосць, вяртання да самога сябе, да чалавека, багатага душой і напоўненага высокімі пачуццямі, маральнай чысцінёй і душэўнай шчырасцю.

Высоцкі нібы “нанова” перажывае сваё юнацкае каханне. Тое першае каханне не прынесла жаданай спатолі, другое ж натхніла на творчасць, на “відушчасць” душы. Хоць і ў першым і ў другім выпадку герой застаецца сам-насам са сваімі трывожнымі і шчымлівымі пачуццямі, душэўнымі парываннямі. Чалавек сам з’яўляецца гаспадаром свайго лёсу.

“Калі аўтобус уз’язджаў на мост цераз Прыпяць, Высоцкі раптам убачыў Галю. Яна расхаджвае па беразе з тым самым бялявым брыгадзірам мантажнікаў”. Гэта развітальная сустрэча. Але герой удзячны жанчыне за тое “свята пачуццяў”, якое яна “пасяліла” ў ягонай душы. “Жанчына апранута нібы ў белы світар, яе шыя абвязана шарфам, канцы якога развяваюцца ў паветры. Рукі, якія Галя раз-пораз выцягвае, і гэтыя трапяткія канцы шарфа робяць яе падобнай на птушку, якая збіраецца ўзляцець”. “Замяць жаўталісця” – гэта не “восень”, а “вясна” чалавечай душы, калі на яго шляху сустракаюцца шчырыя і прыгожыя, духоўна багатыя людзі. Пра гэта аповесць І. Навуменкі.

І. Навуменка – пісьменнік аўтабіяграфічнага зместу, мастакоўскае ўспрыняцце рэчаіснасці ў яго творах абапіраецца на перажытае, глыбока вынашанае, выпакутанавае пачуццё, на асабісты вопыт спасціжэння свету і чалавека ў гэтым свеце. Таму і вяртаецца пісьменнік Іван Навуменка ў юнацтва раз-пораз, як вяртаюцца ў бацькоўскую хату, да нечага светлага, шчымліва-радаснага, як да гаючай і жыватворнай крыніцы, каб не толькі спатоліць прагу чысціні і рамантыкі, але і загаіць раны, нанесеныя часам і вайной, даць адпачыць сэрцу ад імклівага бегу дзён і змены падзей, спыніцца, раздумацца, наноў адкрыць агульначалавечыя ісціны, што ёсць дабро, у чым сэнс жыцця, ці заўсёды праўда перамагае, дзеля чаго жывеш, чалавеча, на гэтай ласкавай і грэшнай зямлі, чаго хочаш. Кнігі “Тая самая зямля” (1971), “Падарожжа ў юнацтва” (1972) – падагульняльныя, а можа яшчэ больш аналітычна заглыбленыя перад “скачком” у рамантыку – “Водгулле далёкіх вёснаў” (1989).

Што ж новага ўносілі аповесці і апавяданні І. Навуменкі пра юнацтва і для юнацтва ў беларускую літаратуру? Проста зместам яны не маглі вылучыцца, бо і да яго, і разам з ім, ды і пазней з’яўляліся творы юнацкай скіраванасці, якія “адкрывалі” і само пакаленне, “абпаленае вайной”, і рамантыку ўчынку, і пакутлівы роздум над часам і сабой, і летуценнасць, і мроістасць, і чысціню, і безабароннасць юначай душы. Так, усё было ў літаратуры. Назавём кнігу І. Шамякіна “Трывожнае шчасце”, аналітычна-спавядальную прозу М. Стральцова, юнача-няўрымслівыя аповесці А. Карпюка “Данута”, Я. Брыля “Апошняя сустрэча” (“Расчараванне”).

Былі і іншыя творы ўраджайнага маладога пакалення “шасцідзясятнікаў” – празаікаў І. Чыгрынава, Б. Сачанкі, І. Пташнікава, В. Адамчыка, У. Караткевіча, пісьменнікаў, якія склалі новую генерацыю мастакоў слова, адукаваных, з выдатнай культурай пісьма, прынеслі рамантычна-ўзнёслае, няўрымслівае адчуванне рэчаіснасці, праявілі сябе сапраўднымі майстрамі ў прозе, першаадкрывальнікамі “юнацкай аповесці”.

І ўсё ж у такім незвычайным “хоры” голас старэйшага з кагорты заставаўся самастойным і прыцягваў да сябе ўвагу. У чым загадка?

Думаецца, найперш, юнацкая проза Івана Навуменкі сведчыла аб відавочнай змене парадыгм у развіцці беларускай прозы. На змену “ўра-патрыятычнаму”, “няўрымсліва-энергічнаму” пакаленню 20-х гадоў, а яшчэ больш “неўгамонна-крыкліваму”, з “лозунгам на вуснах” (І. Навуменка) “пакаленню маладнякоўскай пары” з іх касмічна-планетарным мысленнем і “бурапеннасцю” пачуццяў прыходзілі іншыя юнакі і дзяўчаты, у многім, мажліва, такія ж, але іншыя, узбагачаныя вопытам вайны. Тыя персанажы былі ўжо зусім не такімі, якімі былі дасюль юныя героі ў беларускай літаратуры. Бачыць на ўласныя вочы, адчуць і зразумець кошт чалавечага жыцця – такое многага варта. З празаікам І. Навуменкам прыходзіла ў літаратуру юнацкая мудрасць, сталае юнацтва, разважлівасць, горкая, даўкая радасць, пакутлівае адкрыццё самога сябе, спасціжэнне сваёй існасці. І. Навуменка стаў выразнікам духу таго пакалення, пра якое паэт сказаў: “Нам у сорак трэцім выдалі медалі, і толькі ў сорак пятым – пашпарты”.

Вось гэта і з’яўлялася незвычайным, адметным, што характарызавала юнацкую прозу Івана Навуменкі.

Творчасць I. Навуменкі прыўнесла ў беларускую літаратуру новыя філасофскія тэндэнцыі, проза стала больш канцэптуальнай, уважлівай да жыццёвых бед, нягод, да ўнутранага свету юнакоў і падлеткаў, раскрывала чысціню і глыбіню душэўных намераў. Творы насычаліся жыццёвай філасофіяй, пошукамі ісціны, праўдай учынку, вялікім змаганнем у душах моладзі сіл дабра і зла. Варожасці і нянавісці пісьменнік супрацьпаставіў жыватворную сілу адзінства, гармоніі і любові маладога пакалення.

Пытанні для кантролю

1. Пісьменнікам якога пакалення лічыў сябе празаік Іван Навуменка?

2. Лёс моладзі ў гады барацьбы з фашызмам у апавяданні “Сямнаццатай вясной”. Якім ён быў?

3. Раскрыйце характары Цімоха, Стасі з твора “Сямнаццатай вясной”.

4. У чым вы бачыце жорсткую праўду жыцця ў апавяданні “Хлопцы самай вялікай вайны”?

5. З дапамогай якіх мастацкіх сродкаў празаік здолеў намаляваць шматгранны партрэт пакалення?

Ніл Гілевіч (нар. 1931)
 
Спявайце, юныя паэты!
Спяліце ў бурах пачуцця
Неўтаймаваны боль планеты,
Непераможны крык жыцця.
 
Hіл Гілевіч

У пачатку 60-х гадоў ХХ ст. у беларускую літаратуру прыйшла вялікая колькасць маладых пісьменнікаў. Амаль усе яны з’яўляліся дзецьмі вёскі, якія нялёгка “ўрасталі” ў гарадское жыццё (“Сена на асфальце” М. Стральцова). Усе яны прайшлі праз універсітэцкія аўдыторыі, моцна ўзняўшы эстэтычны ўзровень прыгожага пісьменства на Беларусі. Гэтае пакаленне называлі філалагічным, а яшчэ пакаленнем, абпаленым вайной, “бязбацькавічаў,” хто не ваяваў, але падрываўся на мінах, пакінутых у нашай зямлі пасля вайны (верш “Палата мінёраў” Р. Барадуліна), паспытаў смак горкага хлеба з асцюкамі.



У паэзію прыйшлі: Р. Барадулін, Г. Бураўкін, Н. Гілевіч, А. Лойка, А. Вярцінскі, В. Зуёнак, П. Макаль, А. Грачанікаў, А. Вялюгін, Е. Лось, В. Вярба. У прозе выступалі: М. Стральцоў, І. Пташнікаў, І. Чыгрынаў, Я. Сіпакоў, Б. Сачанка, В. Адамчык, У. Караткевіч, А. Адамовіч, В. Быкаў.

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Працоўную дзейнасць пасля вайны пачаў калгасным паштальёнам. Цікава было маладому хлопцу разносіць трохкутнікі, лісты ад вайскоўцаў, калі закончылася вайна: салдаты вярталіся з фронту дамоў. Паступіў вучыцца ў Мінскае педагагічнае вучылішча, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых класаў. Спалучаў вучобу з працай у адной са сталічных школ. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры, неўзабаве пачаў працаваць у БДУ. З 1980 па 1989 г. – першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1989 г. старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, галоўны рэдактар газеты “Наша слова”. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў. Быў членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. З чэрвеня 1990 г. – старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Гэта быў складаны час, калі змянялася само жыццё. Ніл Гілевіч – кандыдат філалагічных навук. Ён даследаваў паэзію літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923–1930). За навуковыя працы, прысвечаныя літаратурна-эстэтычнаму разгляду крыніц беларускага фальклору, яму прысвоена вучонае званне прафесара. Член СП СССР з 1954 г. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).

Першыя вершы паэт надрукаваў яшчэ ў 1946 г. З’явіліся зборнікі паэзіі “Песня ў дарогу” (1957), “Прадвесне ідзе па зямлі” (1959), “Неспакой” (1961), “Бальшак” (1965), “Перазовы” (1967), “Лісце трыпутніку” (1968), “А дзе ж тая крынічанька” (1972), “Запаветнае” (1975), “Актавы” (1976), “Святлынь” (1984), “Повядзь” (1987).

Ніл Гілевіч – майстар сатыры і гумару. Ён выдаў шэраг гумарыстычных і сатырычных кніг: “Званковы валет” (1961), “Да новых венікаў” (1963), “Ці грэх ці два” (1970), “Як я вучыўся жыць” (1974) “У добрай згодзе” (1979).

Пад псеўданімам Вядзьмак Лысагорскі выступіў з сатырычнай паэмай “Сказ пра Лысую гару”. Пісьменнік-сатырык дасягае магутных абагульненняў, калі гаворыць пра “век”, “эпоху” і “час”.

 
Быў час, быў век, была эпоха,
Калі гадаў інтэлігент:
Чаму стандартны выпівоха
Вылазіць часам на прэзент?
 

Паэма з’явілася “першай ластаўкай” у змаганні грамадства за галоснасць, свабоду і дэмакратыю, працягвала традыцыі народнай смехавай культуры.

Н. Гілевіч – аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі “У добрай згодзе” і перакладчыцкую дзейнасць, а таксама Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (Балгарыя, 1986).

Аўтар рамана ў вершах “Родныя дзеці” (1985). Аналагаў такіх вялікіх паэтычных твораў у сусветнай літаратуры існуе няшмат. Дастаткова прыгадаць “Яўгенія Анегіна” А.С. Пушкіна.

Але найперш Н. Гілевіч паэт-лірык. З-пад пяра паэта выходзілі цудоўныя паэтычныя радкі вершаў “Ах, якая над Гайнай купальская ноч!”, “Святочны, старажытны дух калядны…”, “Паклон табе, мой беларускі краю!” Спынімся на іх разглядзе.

Гайна – рака дзяцінства паэта ў родным Лагойскім раёне. Верш пачынаецца воклічам, у якім чуецца радасць, захапленне, таямнічасць і загадкавасць. Сапраўды, у купальскай начы заўсёды хаваецца загадкавасць, незвычайнасць. Пісьменнік радок за радком “раскручвае” ўсе асноўныя элементы купальскай ночы.

Купалле – беларускае народнае свята. Яно святкуецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў гонар летняга бога сонца Купалы (ад грэч. Kupel, Kupa – гарэць). Яшчэ днём дзяўчаты збіралі на лузе зёлкі: браткі, васількі, руту, смолкі, купальнік. На ноч па-святочнаму апранутыя, прыгожыя ды вясёлыя, з песнямі і заклічкамі выпраўляліся хлопцы і дзяўчаты на ігрышча. Раскладалі вогнішча, гулялі ў хованкі, даганялкі.

Уздымалі на высокім шасце прамасленае запаленае кола – сімвал сонца. У купальскіх абрадах асаблівае месца займала сімволіка дзвюх стыхій – агню і вады. Вакол купальскага вогнішча вадзілі карагоды, скакалі праз агонь.

Купалле – свята кахання. Дзяўчаты пускалі вяночкі па вадзе, варажылі на суджанага. Вяночкі кружылі ў віры, сыходзіліся, разыходзіліся, прадказвалі далейшыя дзявочыя лёсы.

З Купаллем у народзе звязана нямала цікавых легенд і паданняў. Адной з іх з’яўляецца легенда пра пошукі папараць-кветкі. У народзе шчыра верылі, што раз у год, якраз на Купалле, а дванаццатай гадзіне ночы зацвітае ў гушчары кветка папараці. Хто адшукае яе, таму адкрыюцца скарбы, схаваныя ў зямлі, той стане празорліўцам: зразумее, аб чым гамоняць прыбярэжныя хвалі, шэпчуцца травы, вядуць гутарку гонкія карабельныя сосны ў бары, зразумее мову звяроў і птушак. Ад дотыку папараць-кветкі спадаюць турэмныя краты, адкрываюцца замкі і абрушваюцца замкі.

Аднак сарваць папараць-кветку можа толькі сумленны, адважны і добры чалавек.

Паэт перадае ў вершы ўсе асноўныя этапы беларускага Купалля: “Самы раз уплятаць летуценні ў вянок, / Самы раз белы корань выкапываць!”

Пытаючыся: “Чаму за сялом, / Над ракою, агні не запалены?” – падахвочвае моладзь:

 
Раскладайце, паліце Купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся …
 

Аўтар верша ўваскрашае постаць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, вуснамі якога і выказваецца галоўная думка твора: “Ах жа, якое купалейка ў вас! / Ах, якую вы спадчыну маеце!..”

Янка Купала яшчэ ў 1912 г. святкаваў Купалле пад Вільняй, таму заклікаў у газеце “Наша Ніва”: “Няхай свята Купалля стане паўсюдным святам беларускага нацыянальнага адраджэння”. Такім яно, Купалле, і малюецца ў вершы “Ах, якая над Гайнай купальская ноч!”. У шырокім тэматычным змесце паэзіі Н. Гілевіча выявілася любоў да Бацькаўшчыны, захаванне культурнай асновы.

Народны дух, святасць традыцый, творчыя адносіны да фальклору і народнай спадчыны – галоўныя тэмы творчасці Н. Гілевіча. Паэт піша пра тое, што яму асабліва люба і дорага, пра захаванне матчынай мовы (“Ведай, роднае слова грымела ў грозным агні барыкад”), пра хлеб, пра маці, чалавечую годнасць. “Я аддаваць люблю”, – кажа паэт, аддаючы свой талент людзям, Радзіме, народу (“Толькі б ведаць, што твой сціплы плён не прападзе і на роднай айчыннай сялібе хоць камусьці у сэрца западзе”).

У вершы “Святочны, старажытны дух калядны…”, які прасякнуты замілаваннем да народнага духу, паэт выказвае заклапочанасць, што з нашага штодзённага жыцця выветрываецца дух свята, што здаўна называлася Каляды. “Ой, калядачкі, бліны-аладачкі”, – спявалі ў народзе. Хадзілі калядоўшчыкі, спявалі пад вокнамі хат песні-ўслаўленні гаспадару, песні-пажаданні гаспадыні, іх дзецям, унукам.

Цяпер, маркоціцца паэт, той дух пакрысе знік, растварыўся, няма ўжо “смалення” кабана, не стала водару “кміну і каляндры”:

 
Дух на шасце падвешаных каўбас,
Калісьці ўсемагутны, усеўладны,
Што ж на куццю ты не збіраеш нас?
 

Разам з забытымі традыцыямі мяльчэюць і душы людскія, з’яўляецца пустэча. “Неўпрыкмет”, – рэзюмуе аўтар, выпустошваецца народны дух, што прыводзіць да бяспамяцтва, калі людзі забываюць на тое, хто яны, і што яны, і якая іх місія на роднай зямлі. Народны дух, што яшчэ больш горка, выветрыўся “і з нашых песень-дум”, “і з нашых хат”.

Верш паэта пранікнёны, эмацыянальны, у ім чутна думка аб неабходнасці захавання народнага духу ва ўсім, каб заставацца народам, які можа “весці гутарку” з іншымі народамі свету.

Народнасць – адна з рыс твораў Н. Гілевіча праяўляецца ў тым, што ён адкрывае дух народны, адкрывае сам народ, яго побыт, здабыткі, багацце душы, а таксама ў тым, што паэт на ўсе рэчы і з’явы, на наша рэальнае жыццё глядзіць вачыма народа, ацэньвае яго ацэнкамі. Што добра людзям, тое добра і самому творцу. Калі народ пакутуе, пакутуе і ліра паэта. Калі прыходзіць хвіліна роздуму і выпрабаванняў, сэрца паэта б’ецца ва ўнісон з сэрцам роднай Беларусі.

 
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы – як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім —
Паклон, паклон табе, мой родны краю!
Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!
 

У вершы гучыць сыноўская любоў да Беларусі. Паэт адданы свайму народу, з удзячнасцю ўспрымае ўсё, што даў яму родны беларускі край, адчувае непарыўную еднасць з ім (“ты – мой, я – твой”).

Патрыятычнае пачуццё любові да бацькоўскага дому, маці, Радзімы выклікалі да жыцця раман у вершах Н. Гілевіча “Родныя дзеці”. Паэту становіцца “цесна” ў межах аднаго толькі верша, цыкла вершаў: высокія думы патрабавалі вялікай задумы. Усе мы дзеці сваёй маці, дзеці роднай зямлі, краю, дзе нарадзіліся і выраслі, дзеці Сусвету. Адказнасць за ўсё, што дзеецца на зямлі, павінна злучыць людзей.

Раман у вершах “Родныя дзеці” шматгранны, шматаспектны, шматзначны. Маштабнасць задумы патрабавала такога ж маштабнага яе вырашэння. Шмат праблем уздымае ў сваім рамане Н. Гілевіч. Найперш праблемы адносін чалавека да роднай зямлі, захавання акаляючага асяроддзя, абачлівасці ў пакарэнні прыроды. Пытанні ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, выхавання ў моладзі павагі да маці, бацькі, да родных і блізкіх, да людзей старэйшага пакалення. Праблемы школы, адукацыі, вышэйшай школы, што вельмі блізкія прафесару, які доўгі час выкладаў у БДУ. Вострыя пытанні духоўнага, маральна-этычнага парадку. Паэт задумваецца, чаму мялеюць душы людскія, чаму ўсё больш у нашым жыцці з’яўляецца цемрашальства, забабонаў, пустаслоўя, разыходжання слоў і справы. Асобнае месца ў рамане “Родныя дзеці” адведзена тэме кахання, вернасці юнацкаму пачуццю, якое жывіць увесь час і вядзе па жыцці, служыць той арыяднінай ніткай, што дапамагла закаханаму юнаку знайсці адзіны і правільны выхад з лабірынту. “Жыццёвых лабірынтаў” мастак слова намаляваў таксама шмат. Ганебныя з’явы ў нашым паўсядзённым жыцці выклікаюць у паэта гнеў і асуджэнне: п’янства, падман, пустаслоўе, жаданне ў хапіць сабе як мага больш, распуста, кар’ерызм, калі ход пускаецца ўсё: нагаворы, ананімкі, паклёп. А паэт не прымае ліхадзейства, няпраўды, хцівасці.

Мастак слова выступае супраць “сцегачоў” з усяго свету, якія не шануюць і не любяць той зямлі, на якой працуюць, супраць бездухоўнасці, адсутнасці маральных і этычных прынцыпаў у чалавека. Твор напісаны ярка, маляўніча, іранічна, з гумарам. Галоўны герой прыязджае ў родныя мясціны, дзе сустракае сваё былое юнацкае каханне, якое, як магма, расце і шырыцца ў грудзях, гатова “ўзарваць” асобу знутры. “Сцяпан Якубавіч Вячорка, / Хоць і караў сябе не раз, / На ўлонне роднага падворка / Не заяўляўся доўгі час”. Першае, з чым сутыкаецца герой рамана Сцяпан Вячорка, гэта народнасць побыту, вясковы ўклад, бо, як вядома, вёска, сялянства – станавы хрыбет нацыі, аснова народа Беларусі. Народны пачатак варта адрозніваць ад псеўданароднасці, ад падробкі пад народны лад і стыль. Беларускасць – гэта не толькі, ды і не столькі ручнікі, лапці, кашуля-вышыванка. Народны дух – у сэрцах людзей, у іх самавызначэнні, самадастатковасці, самасцвярджэнні. Таму і не любяць у народзе псеўдавучоных, тых, хто толькі на словах выступае за захаванне нацыянальных каранёў. Сям’я і вернасць традыцыям – асноўны вектар развіцця грамадства ў ХХІ ст.

У рамане шмат рэалій вясковага побыту. Вяскоўцы найперш сутыкаюцца з уменнем простага люду “прыгваздзіць” індывідуума, даць яму такую характарыстыку, якую ён пранясе праз усё жыццё, “і дзеці вырастуць і ўнукі”, “ цэлы род” адносіць тую мянушку.

Паэт прыкмячае:

 
У вёсцы так было адвеку:
Калі дасціпнае імя
Прышпіліць нехта чалавеку —
То не здзярэ і смерць сама.
 

Герой гатовы не варушыць былое пачуццё кахання. “Няма вяртання і не будзе, / І вы ўдваіх, сабе назло, Не варушыце, не турбуйце / Таго, што зеллем парасло”. Шмат перажыў герой рамана: падман, хцівасць, імкненне дзяўчат атрымаць над ім уладу, разлад у сям’і, новае сямейнае існаванне. І вось: “У край бацькоў, у кут свой родны / Сцяпан прыехаў раніцой, / Калі сады і агароды / Яшчэ свяціліся расой ”. Сустрэчы з маці, роднымі, сівымі паважанымі вяскоўцамі складаюць асноўную тканіну рамана “Родныя дзеці”.

У шчырых і прынцыповых размовах выяўляюцца погляды вяскоўцаў на рэчаіснасць, у памяці ўсплываюць шматлікія праявы сучаснага жыцця. Пра тых, каму захацелася “пажыць усмак“, пра дратаванне, знішчэнне роднай прыроды, паэт гаворыць:

 
На ўсё ядомае ў прыродзе
Пайшоў у наступ спажывец.
І звер і птах ужо на зводзе,
І ў рэчцы рыбіне – канец.
……………
Ніхто не мучыцца дакорам,
Ніхто не думае пра грэх,
І ўжо не стане ягад скора,
Звядуцца жолуд і арэх.
 

Пісьменнік у рамане выяўляе выразную грамадзянскую пазіцыю змагара за праўду, душу народа, за навакольнае асяроддзе, як бы пацвярджаючы някрасаўскі афарызм, які прагучаў больш за сто гадоў назад: “Паэтам можаш ты не быць, грамадзянінам быць па вінен”. Паэт-грамадзянін Н. Гілевіч выносіць прысуд перш за ўсё сабе і ўсім нам (найбольшы прысуд той, які выносіш сам сабе), называючы факты варварскіх адносін да зямлі. Ён запрашае: “А з’ездзі ў лес, у гушчу нетраў, / І глянь, што робяць грыбнікі”. Далей:

 
З-за грыба мох на сотні метраў
Дзяруць і рыюць, як дзікі.
Як бы іх страшны голад гоніць —
І трэба грэбці наўзахоп,
Усё каб выграбці сягоння,
А заўтра – заўтра хоць патоп!…
 

Клопат пра лёс Бацькаўшчыны складае аснову рамана Н. Гілевіча. Пытанні чысціні, шанавання і святасці беларускай мовы, наспеўшыя праблемы культуры, любові да роднай зямлі. “Падумаць толькі: ён пытае: “За што любіць цябе, зямля?”

Самыя цёплыя і шчырыя словы ў рамане сказаны ў гонар маці.

Раман “Родныя дзеці” – твор аб услаўленні роднага краю, зямлі бацькоў, любай сэрцу і дарогай ўсім нам Беларусі. Паэт тут асабліва шчыры і пераканаўчы.

 
Мы часта думаем: вось недзе!
Вось там – прырода! Там – краса!
Я па зямлі крыху паездзіў —
І хлам з душы павытрасаў.
 

Без пафасу, шчыра, пранікнёна, з гонарам паэт гаворыць пра родную старонку:

 
Для усіх і кожнага – на свеце
Найпрыгажэйшы родны край!
 
 
Для нас – прыроды болей мілай,
Чым беларуская, няма.
Яна ж усіх нас надзяліла
Душой такою, як сама!
 
 
То ж у яе натуры – чуласць,
Гасціннасць, мяккасць, дабрыня,
Гатоўнасць даць табе прытулак —
Ці ты чужы, ці ты радня …
 

Як бачым, паэт раскрывае самыя яркія рысы бела рускага нацыянальнага характару: “гасціннасць, мяккасць, дабрыня”, апявае прыгажосць беларускай прыроды, яе веліч, стварае нацыянальны вобраз Беларусі:

 
Рай нечы хвалім у ахвоту.
А вось задумваліся вы,
Што ў нас, апроч, бадай, асоту —
Няма калючае травы?
У нас – ці ў лесе ты, ці ў полі —
Садзіся смела, дзе стаіш:
Не бойся – сцёгны не паколеш,
Як на падушцы, пасядзіш!
 

Паэт запрашае ў чужы неласкавы да людзей край, каб пераканаць чытача ў правільнасці сваіх слоў, звяртаецца да ўласнага вопыту, і яму верыш, бо творца шмат павандраваў па свеце, часта бываў у паўдзённых краінах.

 
Я ж быў у тых краях на поўдні,
Дзе ўсюды горы навакол.
Хадзіў па полі і запомніў:
Які няўтульны, жорсткі дол!
 
 
Над ім у поце людзі гнуцца,
А ён на ласку страх скупы:
Нідзе ні сесці, ні прыткнуцца —
Адны калючкі ды шыпы…
 

Акордам услаўлення не толькі любай старонкі, але і нацыянальнага Дому гучаць наступныя радкі:

 
А ў нас зямля – якую краску,
Якую былку ні сарві —
Кладзі да сэрца як лякарства
І – здаравей, брат, і жыві!
 

Беларусь, маці, родны край – у сэрцы пісьменніка назаўжды.

Пытанні для кантролю

1. У чым праяўляецца шырокі тэматычны змест паэзіі Ніла Гілевіча?

2. Пацвердзіце паэтычнымі радкамі з твораў паэта выяўленне любові да Бацькаўшчыны, клопату аб захаванні культурнай спадчыны, заклікаў да шанавання роднай мовы.

3. “Родныя дзеці” як узор рамана ў вершах. Прывядзіце радкі пра прыгажосць прыроды роднай зямлі.

4. Ахарактарызуйце фальклорныя матывы ў творчасці паэта.

5. Глыбокі лірызм, песеннасць вершаў – галоўныя рысы творчасці паэта. Назавіце некалькі вершаў песеннай лірыкі паэта.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации