Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 24


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 24 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Верш пабудаваны на асацыяцыях, паралелях, на паступовым разгортванні думкі ў часе і прасторы. Эмацыянальны рэгістр твора ўзмацняецца ў яго сярэдзіне і крыху затухае ў заключэнні, каб даць мажлівасць самому чытачу зрабіць канчатковы вывад аб тым, ці можа быць “хата – з краю” ў людзей, якія шчодра нясуць у сабе ўсю праўду зямнога існавання, рупяцца пра багацце ў сваім доме, дбаюць аб добрай рэпутацыі свайго жытла.

Верлібры М. Танка шырока прадстаўляюць свету Беларусь і беларусаў. Паэт гаворыць пра бацькоўскую хату, пра матчыну песню, сосны над Нараччу, узбярэжны вецер, бохан хлеба на чыстым абрусе на стале ў сялянскай хаце. У вершах “Парог, вычасаны з успамінаў”, “Поле”, “Званалітыкі, скажыце”, “Я – не з тых”, “Звычайна сур’ёзныя людзі” паэтычная думка “сягае” ў своеасаблівым душэўным напале ў таямніцы народнай душы, у людскую памяць, у глыбінныя нетры народнай мудрасці, заснаванай на жыццёвым вопыце.

Многія верлібры паэта – разгорнутая маральна-этычная канцэпцыя жыцця, праўда чалавечага існавання, своеасаблівы кодэкс гонару, змястоўная праграма штодзённага побыту, усяго ўкладу быцця, які заснаваны на звычаёвым праве, “законе продкаў”, традыцыях, якія на генным узроўні пераходзяць з пакалення ў пакаленне.

Асаблівы настрой і сугучнасць святла, хараства, праўды і дабрыні выклікаюць верлібры паэта, у якіх узнімае ён эстэтычныя праблемы часу, гаворыць пра неабходнасць і прагу духоўнасці ў сучасным чалавеку. Сапраўднае інтанацыйнае багацце разгортвае перад чытачом паэт, то сягаючы адным крылом у завоблачныя вышыні, то дакранаючыся да дарогі, то нібыта “пагладжваючы” лёгкім подыхам ветрыку веснавую рунь, вершаліны дрэў. Рытміка-інтанацыйны малюнак вершаў часта мяняецца. У верлібрах паэта – элегічны, мінорны настрой, вершы гучаць, як заклінанне, тэстамент паэта.

 
– Накрыйце мяне рунню! – Просіць зямля.
– Накрыйце мяне зорным небам! – Просіць вада.
– Накрыйце мяне імглой! – Просіць лес.
– Накрыйце мяне цішынёй! – Просіць дарога.
А я перад сном:
– Накрыйце роднай песняй.
 
(“Перад сном”)

Ёсць у М. Танка невялікая паэма “Люцыян Таполя” пра народны талент, аднаго з вялікіх майстроў-самавукаў, якому падуладна было ўсё: і камень, і гліна, і дрэва, які здолеў рэлігійны культавы будынак размаляваць так, што на малюнках, дзе рай і пекла, зямныя людзі пазнавалі сябе. Сам Біскуп Сямашка пазнаў сябе і сваіх прыбліжоных у вобразах пачвар і хімер з рагамі, хвастамі. Не вытрымаўшы абразы, ён захварэў і памёр. Так адпомсціў майстар свайму крыўдзіцелю за забарону будаваць і маляваць, за забарону тварыць, за імкненне падпарадкаваць талент, дыктаваць свае законы творцу. Рэалістычнае мастацтва нялёгка прабівала сабе дарогу. Але сапраўдны майстар – заўжды вольны ў сваёй фантазіі.

Глыбокае спасціжэнне паэзіяй Максіма Танка навакольнага свету вызначаецца наяўнасцю такога паняцця, як філасафічнасць, у якой, па словах Л. Талстога, у роўнай ступені спалучаецца і настаўніцтва, і прароцтва. Настаўніцтва як навука жыцця. І прароцтва як дар прадбачыць. Настаўніцтва кліча да хараства і праўды, а прарочы дух засцерагае ад збочванняў і падману.

Па прызнанні паэта, ва ўсіх яго вершах паўставалі і паўстаюць вобразы роднага дому, Радзімы, свету, у якім ён жыў.

Пытанні для кантролю

1. На якія два перыяды дзеліцца творчасць М. Танка?

2. У чым вы бачыце адметнасць біяграфіі паэта?

3. Якія асаблівасці паэзіі М. Танка ў заходнебеларускі час? Назавіце і ахарактарызуйце зборнікі паэзіі гэтага часу.

4. Чым абумоўлены пераход паэта да свабоднага верша?

5. Што такое верлібр? Назавіце выдатных майстроў гэтай вершаванай формы ў сусветнай літаратуры.

6. Традыцыі верлібра ў беларускай паэзіі. Хто іх закладваў? Роля М. Танка ў развіцці верлібра ў беларускай паэзіі.

7. Ахарактарызуйце апошнія прыжыццёвыя зборнікі вершаў М. Танка. Якія творы з іх вам запомніліся? Аб чым тыя вершы?

8. Які ўклад выдатнага майстра ў скарбонку беларускай паэзіі ХХ ст.?

Аркадзь Куляшоў (1914–1978)
 
Свет будзе пець, смяяцца, слёзы ліць
Датуль, пакуль на свеце людзям жыць.
Сабрат мой па пяру, на суд іх смела
Вынось усё, што ў сэрцы набалела.
 
Аркадзь Куляшоў. Хуткасць

Аркадзь Куляшоў належыць да тых паэтаў у беларускай літаратуры, якія з поспехам развіваюць класічныя традыцыі паэтычнай творчасці. Верш у А. Куляшова – ёмкі па змесце і дакладны па форме, верш сапраўды класічнага характару, у якім дасягаецца гармонія формы і зместу. Нездарма А. Куляшоў з поспехам перакладаў на беларускую мову вершы класікаў рускай паэзіі А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава. А. Куляшоў – паэт таленавіты, з вялікім прыродным дарам, сапраўдны майстар паэтычнага слова.



Паэзія А. Куляшова ўвабрала ў сябе жыццёвы шлях народа, перажытае і вынашанае менавіта ім самім, усе яго думкі і мары. Кожны верш асветлены непаўторным каларытам чалавечых адчуванняў. Верш у паэта – строгі, лаканічны, змястоўны, з абагульненымі вобразамі, з праўдзівым, дакладна выпісаным пачуццём, з незвычайна заглыбленай думкай.

А. Куляшоў – паэт высокаадукаваны, культурны, з самабытным голасам, з выразнай інтэлектуальнай скіраванасцю. Ён сябраваў з многімі паэтамі шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Яго цаніў Аляксандр Твардоўскі. Менавіта Твардоўскаму прысвечана паэма “Варшаўскі шлях” – адна з лепшых паэм у творчай спадчыне А. Куляшова. Паэма пра “дарогу № 1” Масква – Варшава, Варшаўскі шлях, якая праходзіць праз родныя мясціны А. Твардоўскага на Смаленшчыне і А. Куляшова – на ўсходзе Беларусі, пра той шлях, якім прайшлі сівою даўніной славянскія народы.

Куляшоўскія мясціны – гэта Магілёўшчына (прыгадаем верш “Магілёўская хмарка”). Нарадзіўся А. Куляшоў 6 лютага 1914 г. у мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна ў сям’і настаўніка. Гэта быў пачатак Першай сусветнай вайны, якая зрушыла людзей з месца, прымусіла падавацца ў бежанцы. Пад грукат кананады прайшло маленства паэта.

Потым яшчэ не адну вайну перажыве паэт. Па яго роднай Магілёўшчыне ў Вялікую Айчынную вайну двойчы пракаціўся смяротны каток ваеннай машыны, спачатку з захаду на ўсход, а пасля з усходу на захад. Пра падзеі тыя паэт напіша так прачула і па-грамадзянску мужна, дакладна і праўдзіва, што гэта прынясе яму несумненны поспех, прызнанне і вядомасць. Лірыка А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны – адна з найярчэйшых старонак ва ўсёй савецкай літаратуры. Вядомы і той факт, што пад уражаннем створанай у час вайны паэмы “Сцяг брыгады” расійскі паэт Аляксандр Твардоўскі напісаў выдатны твор пра вайну – паэму “Васіль Цёркін”.

Творчасць А. Куляшова цесна звязана з традыцыямі, закладзенымі ў беларускай паэзіі яшчэ Я. Купалам і Я. Коласам. Яна фарміравалася пад уплывам падзей, што адбываліся ў краіне. Усебакова і пераканаўча малюе паэт жыццё народа, раскрываючы ідэйныя асновы, якія аб’ядноўвалі людзей, іх супольную веру і агульныя намаганні. У паэзіі А. Куляшова духоўна ўзвышаецца вобраз чалавека, сына свайго часу, перакананага барацьбіта за высокія ідэалы часу.

Раннія вершы А. Куляшова аб’яднаны ў яркі і непаўторны цыкл вершаў пад назвай “Юнацкі свет”. Сюды ўваходзяць усе творы, якія напісаны ў ранні перыяд, калі ён вучыўся ў сямігодцы ў роднай вёсцы, у педагагічным тэхнікуме ў Мсціславе, у Магілёўскім педагагічным інстытуце, калі адстойваў сваю зямлю ад чужынцаў у гады вайны. Паэт удзельнічаў у літаратурнай студыі “Маладняк”, калі вучыўся ў Мсціславе, актыўна супрацоўнічаў у франтавым друку ў ваенны час.

Цыкл вершаў “Юнацкі свет” – лірычны цыкл. У творах цыкла асноўнай дзейнай асобай з’яўляецца лірычны герой, яго абагульнены вобраз. На пярэднім плане – яго думкі, трывогі, перажыванні, спадзяванні і радасці.

У вершах цыкла “Юнацкі свет” перад намі паўстае жыццёвы лёс моладзі даваеннага часу, малюецца натхнёная радасць лірычнага героя ад здзейсненых мар. Юнацкі свет – гэта свет кахання, свет першых світанняў, сустрэч і расстанняў, трывог і надзей, свет глыбокіх душэўных перажыванняў.

Паэзія А. Куляшова моцная сваім суб’ектыўным пачаткам, выяўленнем глыбокага асабістага пачуцця радасці ці смутку, адчаю, журбы, трывогі, хвалявання ад замілавання роднымі прасторамі, ад узвышанага пачуцця кахання. Усё гэта вылучае верш “Бывай…”, верш які стаў песняй. Якія ж пачуцці агортваюць лірычнага героя ў вершы “Бывай…”? Паэт піша пра першае каханне, перадае ўласцівыя такому ранняму пачуццю адзнакі. “На ўсходзе дня” яны сустрэліся, Яна і Ён, “нясмелае прызнанне” прагучала тады, калі над закаханымі “жаўранкам звінеў і плакаў май”. Вядома, што ў школьныя гады, калі пісаўся верш, які поруч з іншымі склаў цыкл “Юнацкі свет”, каханая юнага паэта на год раней закончыла саматэвіцкую школу і паехала з родных мясцін, каб прадоўжыць вучобу. Каханая дзяўчына насіла імя Алеся.

 
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
 

Лірыка расстання – заўсёды лірыка драматычная, яна перадае душэўныя перажыванні, трывогі расставання, невядомасць. У творы раскрываецца эмацыянальная ўсхваляванасць лірычнага героя. Верш пабудаваны як зварот да каханай, у ім пануюць самотны настрой, туга. Частае паўтарэнне асобных слоў і выразаў, якія выступаюць тут своеасаблівым “рэфрэнам”, ствараюць эмацыянальную экспрэсіўнасць. Лірычны герой углядаецца ў наваколле, чуе галасы прыроды: “гоман сосен”, “шум жыта”, “гайданне зялёных каласоў”.

 
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
 

Кульмінацыя верша аднесена на заключныя радкі, якія гучаць адчайна, але небезвыходна:

 
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся,
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
 

Адчай, сум, самотнасць адолелі сэрца юнака, які глядзіць на свет з нейкай трывогай і безвыходнасцю. У маі сустрэліся, у маі прыйшло расстанне. У вершы выразна праявіўся юнацкі максімалізм: у гіпертрафіраванасці выяўленага пачуцця суму, адчаю ад расстання, у гіпербалізацыі падзей і вобразаў. У чатырнаццаць гадоў, а менавіта столькі споўнілася паэту, калі быў напісаны верш “Бывай…”, з асаблівай абвостранасцю адчуваецца і першае пачуццё кахання, і сум, і радасць адкрыцця сябе і свету ў сабе. Радкі, народжаная “зрухам” душы, яркім пачуццём кахання, глыбокім перажываннем, сталі сапраўднай высокай паэзіяй.

Герой А. Куляшова адчувае з’яднанасць уласнага лёсу з лёсам землякоў. Менавіта абрысы вялікага свету пафас сацыялістычнага будаўніцтва, штурмавы пафас першых пяцігодак, індустрыялізацыя, калектывізацыя, агульная праца, супольныя людскія радасці, агульныя турботы, перапляценне і ўзаемазалежнасць лёсаў – усё гэта складае ідэйную і мастацкую аснову і эстэтычную адметнасць цыкла вершаў “Юнацкі свет”.

У вершы “Вуліца Маскоўская” дарога ў вялікі свет прыводзіць героя ў Мінск, куды ён едзе вучыцца і дзе пасяляецца ў студэнцкім інтэрнаце. А калі едзе дадому, у родную вёску, на пытанне “Дзе жывеш?” адказвае: “На вуліцы Маскоўскай”, і аднавяскоўцы вырашаюць, што жыве хлопец з іх вёскі “недалёка ад Масквы”.

Прыехаўшы ў родную вёску на кароткі час, закаханы юнак – “выпускнік вясковай сямігодкі” перш за ўсё бяжыць у хату, дзе жыве маці яго каханай, якая ведае ўсё пра ўсіх, ведае, што дзеецца ў іхняй вёсцы (верш “Бюро даведак”). Хлопец бяжыць, каб распытаць як мага больш пра сваю каханую, каб даведацца пра адрас, па якім жыве цяпер яго любая дзяўчына: “Дыміць бюро даведак / Пад гарою, на краі сяла”. Тая вясковая хата – як мясцовае “бюро даведак”.

З “Юнацкага свету” “прыплыла” да паэта і жаданая магілёўская хмарка, якая прынесла юнаку ў ростанні напамін пра дом: “У вобласць Арлоўскую хмарка плыла” (верш “Магілёўская хмарка”).

Нястрымны, узнёслы і паэтычны цыкл вершаў А. Куляшова “Юнацкі свет”. У ім гучаць матывы злітнасці лёсу чалавека з роднай зямлёй, з лёсам Радзімы, расце адчуванне адказнасці юнакоў і дзяўчат за жыццё на Зямлі. Паэт усклікае:

 
Расці, магілёўская хмарка,
З зямлёй
Трымаючы сувязь жывую!
 

Цыкл вершаў “Юнацкі свет” – пра тое, як жыло пакаленне равеснікаў паэта, што зазнала на сваім вяку. “Свет любы з маленства нібыта той самы і адначасова не той”, кожная новая сустрэча з ім як свята. У вершах увасобіўся час, перажытае жыццё: першыя трактары, гады калектывізацыі, свет вялікіх і адчувальных зрухаў, асабліва дарагія сэрцу ўспаміны пра родныя мясціны, якія ўзгадавалі паэта:

 
Ёсць на свеце роднае мястэчка,
Там штогод бываюць кірмашы;
Міма школы меленькая рэчка
Без мяне адна плыве ў цішы.
 

Так пісаў А. Куляшоў у вершы “Карусель” – адным з вяршынных ва ўсёй яго лірычнай творчасці.

Хуткаплыннасць жыцця і радасць адкрыцця чалавека, свету чуюцца ў многіх вершах паэта. “Меленькая рэчка” – гэта якраз тая рачулка на радзіме паэта, пра якую ён пазней з гонарам скажа: “Мая Бесядзь”. “Мая Бесядзь” (1940) – дарога паэта ў вялікі свет, творчая плынь мастака.

Верш “Мая Бесядзь” баладнага характару, хаця тут няма адзінага скразнога сюжэта. Аўтар параўноўвае сваю працу паэта з нястомнай працай птушак, якія “капалі” рэчкі “і ў дзюбах адносілі ў бор” мяшэчкі з зямлёй. Так упарта працуе паэт, пракладваючы сваё ўласнае рэчышча, рэчышча любві і нянавісці зямной, адухоўленага позірку на свет, рэчышча, па якім пацячэ бурлівая і магутная паўнаводная плынь яго паэзіі:

 
… Не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы,
Капаю рэчышча ўласнай ракі.
 

Верш раскрывае асаблівасці сацыяльнага побыту ў грамадстве, выяўляе свядомасць паэта, характарызуе актыўную жыццёвую і творчую пазіцыю мастака слова. У эмацыянальна-экспрэсіўнай манеры, выкарыстоўваючы сімвалічныя вобразы, паэт сцвярджае нястомнасць і настойлівасць, карпатлівасць пісьменніцкай працы. Вялікую ролю іграе тут і фантастычны казачны зачын (“Кажуць, што рэкі птушкамі створаны”). Яшчэ адзін цікавы матыў прыводзіць паэт у вершы. Птушка каня не працавала, а таму ёй паслалі птушкі “вечны праклён”, цяпер яна лятае над вадой і просіць піць. Матыў бясплённасці, марнатраўства жыцця, адлучанасці ад агульнай справы. Гэта страшны “праклён”. Яго паэт называе “вечным”. Жыць, як каня, лірычны герой верша не можа і не жадае. У паэтычных радках выяўлена творчае крэда творцы, які марыць застацца ў беларускай паэзіі хоць бы маленькай роднай рачулкай Бесяддзю, што на радзіме.

Дарога ў свет – дарога, поўная трывог і выпрабаванняў, ростаняў і спатканняў, дарога цяжкіх паходаў ваеннага ліхалецця. Так складваўся лёс паэта: новыя вершы нараджаліся ў новых абставінах. Гэта быў ужо не наіўна-рамантычны, шчымлівы да болю і знаёмы свет юнацтва, а суровыя, прапахлыя дымам і порахам дарогі вайны.

Ваенная лірыка стала сапраўдным узлётам паэзіі Куляшова. Пра горкае расстанне з родным Мінскам піша паэт у паэме “Сцяг брыгады”:

 
Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,
Родны Мінск я пакінуў,
Нямецкай бамбёжкаю гнаны.
 

Пехатою паэт дайшоў ад Мінска да Оршы. Ваяваў, працаваў у франтавым друку. “Пасля цяжкіх баёў, успамінаў пісьменнік ліпень 1941 г., – войскі нашай арміі адышлі ў раён Старой Русы і спыніліся ў маляўнічым лесе, недалёка ад перадавых пазіцый”. Там і нарадзіўся верш “Над брацкай магілай”. Усё ў вершы дадзена з геаграфічнай дакладнасцю: апісваецца канкрэтны ландшафт, невялічкая руская вёска Лажыны, дзе “хлапцы беларускія чэсна галовы злажылі”.

У гады вайны напісаны творы “Ліст з палону”, “Камсамольскі білет”, “Балада аб чатырох заложніках” – выдатнейшыя творы таго часу. У жніўні і верасні, знаходзячыся на фронце, пісьменнік напісаў паэму “Сцяг брыгады”. А. Твардоўскі ўспамінаў, што ўзімку 1942 г. у адной з маскоўскіх кватэр сабраліся літаратары паслухаць беларускага пісьменніка А. Куляшова, які прыбыў з фронту з новай паэмай у палявой сумцы. Паэма пісалася ў цяжкі, драматычны 1942 год. У ёй шмат гора, крыві, слёз, але гучыць непарушная вера ў народ, у перамогу над ворагам. Гэта паэма пра подзвіг радавога салдата і камісара Заруднага, якія вынеслі сцяг брыгады з акружэння. Шлях байцоў, іх прыгоды са сцягам – гэта шлях па суровых дарогах ваеннага часу, дзе ёсць і здрада, і гераізм, шлях па роднай зямлі, дзе многа гора і пакут.

“Жаць жыта не трэба”, – жняю папярэдзіў араты, а яна не паслухалася, пайшла, бо дачушку без хлеба не можа пакінуць Агата. Пайшла і загінула ад міны. Яе аднеслі на могілкі ад роднай хаты. І тады пайшоў на міннае поле араты. І ён загінуў. Загінуў і тата той дзяўчынкі. У вайну забівала і поле. І жыта – крывавая карусель вайны. Пераканаўча перадае паэт усю недарэчнасць вайны. У паэме “Сцяг брыгады” разгорнута жыццё народа, поўнае трывог і страт.

“Сцяг брыгады” – своеасаблівы дзённік, лірычная споведзь героя, які праходзіць праз ліхалецце ваеннага часу і перажывае вострыя пакуты за родны край, за яго народ, за будучыню гэтага народа. Выносячы сцяг брыгады, героі трапляюць да Лізаветы – “вясёлай кабеты”, якой і вайна не вайна, якая жыве і не дбае, што пануе віхур чорнай навалы. Дарога вядзе герояў па мясцінах, дзе нарадзіўся герой паэмы А. Рыбка, дзе ён рос і куды хоча вярнуцца вызваліцелем, не нікчэмным слабым жабраком, а, як бацька, хоча прыйсці ён у свой дом, “сонца ў дом прынесці на штыку”. Салдат сустракае хлопчыка, якому аддае свой апошні хлеб, каб аблегчыць малому жыццёвыя пакуты.

Паэма “Сцяг брыгады” – яркае мастацкае сведчанне паэта аб суровых дарогах ваеннага часу. На гэтых дарогах мужнела і сталела паэзія Аркадзя Куляшова.

Характэрнай рысай паэзіі А. Куляшова пасляваеннай пары становіцца яе паступовае насычэнне філасофскім зместам. У вершы “На паўмільярдным кіламетры” ад рэфлексійнага пачуцця паэт ідзе да глыбіннага і ўраўнаважанага асэнсавання часу, гісторыі, лёсу народа і лёсу асобнага чалавека. Рух жыцця – рух часу – рух літаратуры ідуць самі па сабе, але яны ўзаемадзейнічаюць, узаемазвязаны, як звязаны між сабой далёкае і блізкае, “расстанне” і “спатканне”, “выток жыцця”, “плынь жыцця”. Верш даволі складаны. “Жыццё маё на хуткасць гуку памнож і множанне правер”, – гаворыць аўтар у першых радках. Што гэта такое? Што хоча сказаць паэт? Думаецца, тое, што наша жыццё саткана з тысяч імгненняў, як гук, як святло, яно непаўторнае, усеабдымнае, увабрала ў сябе мільёны, мільярды кіламетраў шляху, тысячы і мільярды гукаў, патокі святла, ценю, не адну прыгаршчу радасці і гора, магутныя плыні любві, шчасця. Тады вяртаецца да лірычнага героя верша “лясной вяшчунні кукаванне”, што асабліва дорага і люба. Нібы застыў паэт “паміж наступным і былым”. Скраніся – новае наперадзе чакае. Застынь – займаюць успаміны аб былым. Паэт перажывае “высокі поўдзень”. Яму ёсць што падсумаваць, але яшчэ большыя адкрыцці чакаюць яго наперадзе. Па сутнасці, верш – падвядзенне вынікаў, але і “непадвядзенне вынікаў” уласнага жыцця. Аўтар адчуў і зразумеў, што ў кожным імгненні чалавечага жыцця ёсць пачатак і завяршэнне. Як бы адну палавіну свайго жыцця паэт пражыў, многае адчуў і зразумеў. Так, як гэта ў Дантэ, калі ён гаворыць у першых радках “Боскай камедыі”, як, прайшоўшы зямное жыццё да палавіны, ён (“я-герой”) апынуўся ў змрочным лесе, адкуль потым і пачаліся яго вандроўкі па тым і гэтым светах, па таемных лабірынтах уласнай душы. Зусім невыпадкова ў А. Куляшова чытаем:

 
Зайшоўшы ў векавыя нетры,
Стаю, зачараваны ім,
На паўмільярдным кіламетры,
Паміж наступным і былым.
 

У вершы паэт услаўляе неўміручасць жыцця, гаворыць пра яго хуткаплыннасць, неабходнасць цаніць імгненне, верыць у творчы пачатак, бачыць плён зямнога існавання асобы.

 
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне – ў новае спатканне,
Напеў жалейкі – ў труб гучанне,
Выток жыцця – ў жыцця працяг.
 

Верш “Я хаце абавязаны прапіскаю…” скіраваны супраць падпальшчыкаў новай атамнай вайны, якія гатовы “ператварыць” “мільярд калысак у мільярд магіл”, ды не толькі ў роднай матульчынай і бацькоўскай Беларусі. Выступае супраць атамнай пагрозы сын сваёй маці, Радзімы, чалавек, які адстойваў і збярог мір на франтах мінулай вайны. Па праву франтавіка, які ведае цану міру, па праву вернага патрыёта Беларусі гаворыць лірычны герой.

Сэнс верша “Спакойнага шчасця не зычу нікому” даволі просты, але ў той жа час глыбокі. Спакойнае пастаяннае шчасце – адсутнасць яго. “Атлусцелае” сэрца не ўспрыме “непакой” прыроды, часу, самой асобы. Немагчыма ўявіць “маланку без грому”. “Навошта ручай без пякучае смагі?” Хіба могуць узнікнуць жаданні, “калі згарнуць крылы”?

Чалавек шчаслівы ў дзеянні, у кіпенні страсцей, у вечных пошуках ісціны, сэнсу, праўды, дабра, хараства.

Складаныя маральна-этычныя і вострыя філасофска-канцэптуальныя праблемы ўздымае А. Куляшоў у вершах “Новай кнігі” (1964). Выйшлі таксама зборнікі вершаў “Сасна і бяроза”(1970), паэма “Далёка да акіяна” (1972), “Хуткасць” (1976), “Крылы” (1985), “Профілі” (1987), вершы і паэмы “Маналог” (1989).

Верш “Маёй рукой пасаджанай бярозе” вяртае нас да народнай філасофіі, якая знайшла сваё адлюстраванне ў вядомай казцы, калі на пытанне, навошта чалавек саджае яблыню, калі сам яблыкаў з яе не дачакаецца, стары гаворыць, што затое іншыя будуць есці і яго добрым словам успамінаць. У вершы А. Куляшова плён працы людской адзавецца ў будучых стагоддзях.

Творы паэта – споведзь перад людзьмі і часам, маналог сучасніка аб мінулым і будучым. Усё на зямлі ўзаемазвязана, разумна створана, па-чалавечы кожны павінен адносіцца да прыроды, сучаснасці і будучыні.

Паэзія А. Куляшова – класічная па сваім духу, форме, змесце. Паэт звяртаецца да будучых пакаленняў, імкнучыся перадаць ім самыя істотныя і неабходныя каштоўнасці свайго веку.

Пытанні для кантролю

1. “Юнацкі свет” вершаў А. Куляшова.

2. У чым гармонія формы і зместу, класічная яснасць і стройнасць, традыцыйнасць паэзіі А. Куляшова?

3. Раскажыце пра лірыку А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

4. Якія галоўныя вобразы лірычнай паэзіі А. Куляшова?

5. Каму прысвечана паэма А. Куляшова “Варшаўскі шлях” і што вы можаце расказаць пра яе ідэйна-мастацкі змест?

6. Якое значэнне мае творчасць А. Куляшова для гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.?


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации