Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 28


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 28 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Пісьменнік стварыў цэлую галерэю выдатных вобразаў, якія ратавалі, нават і “лячылі” грамадства ад немачы нацыянальнага нігілізму, ад праяў антыграмадзянскасці. “Сівая мінуўшчына” празаіка дапамагала ярчэй выявіць дух сучаснасці.

У. Караткевіч “выводзіў” нашы нацыянальныя здабыткі ад самых каранёў, ад асноў матэрыяльнага і духоўнага жыцця беларусаў. Ён стварыў свой уласны свет, раскрыў светабачанне і светаўспрыманне народа. Яго творчасць – мастацкі летапіс беларускай гісторыі. Ён рыхтаваў сённяшні час, прымушаў задумацца – хто мы, адкуль мы, куды ідзём? Беларусам трэба будаваць уласны дом, ён павінен быць агульным для ўсіх жыхароў Беларусі і ў ім утульна павінна быць кожнаму, хто да нас завітае. Ён глядзеў на свет праз павелічальнае шкло рамантычнай узнёсласці, паэтычнасці, духоўнасці. Творчы подзвіг пісьменніка неацэнны.

Пытанні для кантролю

1. Раскажыце пра жыццёвы і творчы шлях У. Караткевіча.

2. Чым можна патлумачыць выключны поспех, які выпаў на долю твораў У. Караткевіча?

3. У чым заключаецца хараство і непаўторнасць паэзіі У. Караткевіча?

4. Раскажыце пра гістарычную аснову падзей, якія склалі сюжэт рамана “Каласы пад сярпом тваім”.

5. Як вы вызначыце стыль рамана “Каласы пад сярпом тваім”? Гэта твор лірычны, лірыка-рамантычны ці цалкам гістарычны? Пераканайце ў сваіх заключэннях і аналізе.

6. Дайце характарыстыку галоўным героям рамана У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.

7. У чым вы бачыце мастацкую адметнасць і эстэтычнае багацце прозы У. Караткевіча?

Іван Шамякін (1921–2004)

Кожны раман ці аповесць Івана Шамякіна – гэта новае, свежае слова аб нашай рэчаіснасці, аб нашых людзях, гэта раскрыццё маральных глыбінь чалавечых душ, гэта яго споведзь аб сваіх ідэалах, сваіх надзеях, сваіх радасцях і сваіх болях.

Андрэй Макаёнак

“Біяграфія мая надзвычай кароткая і вельмі звычайная”, – пісаў I. Шамякін. Нарадзіўся пісьменнік у м. Карма на Гомельшчыне. Скончыў Буда-Кашалёўскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, педінстытут у Гомелі. Ваяваў на фронце на Поўначы ў зенітнай батарэі. Доўгі час кіраваў работай Саюза пісьменнікаў БССР, быў галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя П. Броўкі.



Пісьменнік цалкам сфарміраваўся ва ўмовах савецкай рэчаіснасці, у асноўным у пасляваенны час. У яго творчасці ёсць водгукі на самыя вострыя праблемы грамадства. Ён пісаў мастацкую прозу, публіцыстыку, літаральна што называецца па гарачых слядах. Для чытача важная ў кожным літаратурным творы аўтара глыбіня мастацкага пазнання рэчаіснасці. Мастацкі свет пісьменніка – аб’ёмны, панарамны, шматнаселены. I. Шамякін пісьменнік вельмі чуйны да змен у жыцці грамадства.

Асоба I. Шамякіна як пісьменніка сфарміравалася часам і абставінамі, чым тлумачацца моцныя бакі яго творчасці. Можна гаварыць аб мастацкім феномене пісьменніка, аб яго адметнай мастакоўскай манеры пісьма, характэрных прыёмах спасціжэння жывой, зменлівай рэчаіснасці ў творах майстра. Мастацкі аналіз яго твораў дае падставы гаварыць пра іх надзённасць, праблемнасць, вострую займальнасць. Гэта тая трыяда, якая забяспечвае поспех у чытача. Безумоўна, толькі гэтымі якасцямі не вычэрпваецца ўсё багацце зместу твораў майстэрства раманіста. Але поруч з іншымі – гэтыя якасці даволі відавочныя. Пісьменнік заўсёды быў нацэлены ў сваёй творчасці на самыя набалелыя і характэрныя з’явы часу, на паказ таго, што найбольш хвалявала ў дадзены момант чытача. Кожны твор з’яўляўся як бы ў свой час, гучаў актуальна. Таму спатканне з кнігай пісьменніка заўжды нясе адкрыццё часу.

У раманах і аповесцях I. Шамякіна, як правіла, ставіцца шмат праблем. Не ўсе яны вырашаюцца ў рамках твора, але праблемы закрануты, узняты, да іх прыкоўваецца ўвага грамадскасці. I. Шамякін не затушоўвае балючых і складаных праблем рэчаіснасці. Ніхто не можа папракнуць мастака слова ў адсутнасці праўдзівасці, у лакіроўцы рэчаіснасці. “Балявыя” кропкі нашага часу пісьменнік выяўляў дакладна. У чым жа сакрэт поспеху выдатнага творцы?

Проза I. Шамякіна чытаецца з цікавасцю. Пісьменнік трымае чытача ў пастаянным напружанні, не падносячы яму гатовых рашэнняў, да канца падтрымліваючы яго хвалюючую зацікаўленасць тым, што адбываецца ў творы. Дасягаў гэтага выдатны майстар сваім уменнем будаваць напружаны дынамічны сюжэт, здольнасцю ўвесці ў твор закручаную інтрыгу, вострую, псіхалагічна заглыбленую сітуацыю. Часта выкарыстоўваў аўтар прыёмы з арсенала дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру, меладраматычныя хады і прыёмы. I. Шамякін – празаік са сваім адметным бачаннем свету, са сваёй спецыфікай літаратурнай творчасці, можна сказаць, са сваёй “тэхналогіяй” будовы мастацкай рэчы, са сваёй жыццёвай філасофіяй. Вострая назіральнасць, глыбокае пранікненне ў грамадскую атмасферу часу, аператыўнасць рэагавання, мысленне сучаснымі філасофскімі катэгорыямі, зайздросная грамадзянская актыўнасць, уменне ўбачыць у зменлівым няўстойлівым свеце нейкія асноўныя аб’ектыўныя заканамернасці, рухальныя спружыны развіцця, палемічная скіраванасць, настроенасць на мастацкае адкрыццё свету і чалавека ў ім – усё гэта ёсць у велізарнай літаратурнай спадчыне I. Шамякіна. Раманы, аповесці, апавяданні, п’есы пісьменніка ў значнай ступені ўплываюць на развіццё ўяўленняў, густаў, захапленняў, фарміруюць грамадскую свядомасць. Выхаваўчае значэнне твораў I. Шамякіна выключнае. Героі раманаў I. Шамякіна – людзі розных прафесій, характараў, узростаў, прадстаўнікі разнастайных сацыяльных груп і слаёў. Жыццё амаль ва ўсіх творах пісьменніка – разгорнутая кніга, яно напоўнена чалавечымі пачуццямі, побытавымі сутыкненнямі, прывычнымі і зразумелымі кожнаму штодзённымі турботамі. Чытача прывабліваюць душэўныя парывы герояў, глыбіня ўнутраных перажыванняў персанажаў, вастрыня адчуванняў, матываванасць паводзін, цэласнасць натур і праўдзівасць характараў. Вобразна-выяўленчая сістэма твораў пісьменніка, прыёмы пісьма, якімі ён карыстаўся, палітра – гэта цэлы свет ідэйна-мастацкіх уяўленняў пра чалавека, грамадства і час. Кнігі I. Шамякіна – аналіз чалавечых характараў, мастацкі злепак жыцця і эпохі. І. Шамякін – летапісец эпохі.

Кнігай аднаго пакалення называюць пенталогію Івана Шамякіна “Трывожнае шчасце”. Сам пісьменнік лічыць яе самай любімай і дарагой з усёй сваёй творчасці. Твор складаецца з пяці аповесцей – “Непаўторная вясна” (1957), “Начныя зарніцы” (1958), “Агонь і снег”, “Пошукі сустрэчы” (абедзве 1959 г.), “Мост” (1965). Створаныя ў розных “стылёвых ключах”, яны аднак складаюць цэласнае мастацкае палатно, у цэнтры якога – лёсы Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай. У жыццёвых шляхах-дарогах іх да свайго трывожнага шчасця бачыцца лёс моладзі ў даваенныя, грозныя ваенныя і першыя пасляваенныя гады. Голас пакалення, на долю якога выпалі трывожныя дні ваеннага ліхалецця, чуецца ў творы ва ўсім. У жыцці галоўных герояў было ўсё, як і ў іншых людзей. Першыя крокі самастойнага жыцця, каханне, рэўнасць, вернасць і здрада, клопаты не толькі пра сваё шчасце, але пра шчасце многіх і многіх, суровыя і блытаныя перапляценні ваеннага часу, складанасць асабістых узаемаадносін, пошукі шчасця.

Аповесць “Непаўторная вясна” насычана рамантычнымі фарбамі, узнёслымі інтанацыямі, паэтычным успрыманнем навакольнага свету. Пісьменнік паэтызуе свет першага юначага кахання, тую “непаўторную вясну”, калі героі ахоплены трапяткімі парываннямі і высокімі марамі. Лірычны голас пісьменніка хвалюючы, узвышаны.

Аповесць эмацыянальна насычаная, усё ўспрымаецца яе героямі праз прызму кахання: то ў навальнічна-змрочных, то ў радасна-вясёлкавых танах. Героі яшчэ мала задумваюцца над жыццём, але хутка ім давядзецца зведаць сапраўдныя складанасці чалавечых перажыванняў на шляху да свайго шчасця і шчасця агульнанароднага. Лёс краіны становіцца і іх асабістым лёсам. Разам ідуць героі насустрач нязведанаму. Неўзабаве родны край “ахутваецца дымам вайны”, над ім палыхаюць “начныя зарніцы” ваенных пажарышчаў, вёскі і гарады ляжаць у папялішчах. У аповесці “Начныя зарніцы” лаканічна і строга, праўдзіва пададзены пачатак вайны. Героі не трацяць бадзёрасці настрою, рыхтуюць сябе да барацьбы, хоць яшчэ не ўяўляюць сабе, як перайначыць вайна іхнія лёсы, якія неверагодныя выпрабаванні чакаюць іх наперадзе. У “Начных зарніцах” малюецца пачатак падпольнай барацьбы, у якую актыўна ўключаецца Саша Траянава. Яна атрымлівае заданне – даць прытулак параненаму партызанскаму камандзіру, былому настаўніку Уладзіміру Іванавічу Лялькевічу, які даўно кахае яе. Рамантычнае завастрэнне сітуацыі неабходна пісьменніку, каб ярчэй і паўней перадаць усю гаму душэўных перажыванняў галоўных герояў, паказаць іх пакуты, трывогі, чысціню і глыбіню кахання. Саша і Пятро застаюцца вернымі сваім высокім пачуццям, якія б выпрабаванні ні пасылаў ім ваенны час. Сашы Траянавай і Пятру Шапятовічу прыйдзецца не аднойчы перайсці цераз “мост” да збліжэння, пераадолець “раку” адчужэння, але пачуцці іх застануцца светлымі, незаплямленымі. У аповесці дадзены калектыўны партрэт “маладагвардзейцаў” нашай зямлі, вясковых камсамольцаў: Сашы Траянавай, Даніка, Цішкі, Анатоля. Лірызм і рамантычны пафас аповесці зліты ў адно цэлае. Беларускае партызанскае падполле ў аповесці паказана ў яркіх, маляўнічых фарбах, з ускладненасцямі і кантрастамі. Юначая няўрымслівасць, захопленасць, мары і спадзяванні моладзі ваеннай пары выявіліся ў творы, поўным паэзіі юнацтва і кахання.

Аповесць “Агонь і снег” – лепшая ў пенталогіі “Трывожнае шчасце”. У гэтай аповесці праўдзіва, дакладна і з дзённікавай дакументальнасцю пададзены суровыя будні ваеннага часу. Вуснамі свайго героя аўтар гаворыць: “Я напішу праўду. Напішу ўсё, што перажыў, што перадумаў…” Значэнне гэтай аповесці ў тым, што ў ёй Іван Шамякін адным з першых у беларускай літаратуры распачаў другі “заход” у асвятленні падзей вайны, паказаўшы суровую праўду ваенных дзён. Ваенныя падзеі мы бачым вачыма байца з акопаў. Пісьменнік аналітычна заглыбляецца ў псіхалагічныя адчуванні салдат на фронце, паказвае страх і сумненні неабстралянага яшчэ байца, шчырасць памкненняў, армейскую дружбу, а таксама – франтавы кар’ерызм, эгаізм, двурушніцтва, празмерную падазронасць, якія мелі месца таксама. У аповесці – штодзённы побыт дзвюх “баявых кропак” – зенітнай батарэі і ахоўнага фарпоста на паўночным фронце. І загучала ў творы “акопная” праўда. Тут няма паказу маштабных ваенных дзеянняў, не апісваюцца рызыкоўныя вайсковыя аперацыі. Але і на гэтым маленькім “пятачку вайны”, каля Мурманска, адбываюцца падзеі, якія выяўляюць істотныя рысы характару воінаў, глыбіню трагізму вайны, сапраўдны, а не паказны гераізм савецкіх салдат на фронце. Вось перад намі франтавыя сябры Пятра Шапятовіча – байцы зенітнай батарэі. Падцягнуты, суровы, але справядлівы камандзір батарэі Купанаў, з ім поруч – разважлівы і нетаропкі, у мінулым вясковы каваль Павел Астахаў, лепшы баец гарматнага разліку. Ёсць тут і пажылы селянін Самародаў, які ўвесь час успамінае свой дом, казак Платон Чуб, жартаўнік і весялун.

Можна было б гаварыць аб пэўнай плакатнасці герояў-воінаў, калі б не праўдзівасць і дакладнасць у абмалёўцы іх паводзін на фронце, выверанасць і жыццёвая верагоднасць іх дзеянняў. Гэтым героям верыш, яны падаюцца нам жывымі і цікавымі людзьмі, з плоці і крыві, як, напрыклад, надзвычай крыўдлівы малады баец з прозвішчам Муха. Зварот да тэмы франтавых будняў, да “акопнай праўды”, да асобы радавога ўдзельніка бітвы быў новым для беларускай літаратуры. Пісьменнік зрабіў значны крок па шляху да псіхалагізму. Даволі пераканаўча і выверана апісвае аўтар і матывы здрады ў каханні, якую давялося перажыць галоўнаму герою пенталогіі. У полі зроку даследчыцкай увагі мастака ўвесь час знаходзяцца Пятро Шапятовіч, Сеня Пясоцкі і Сцяпан Кідала. Першыя два – вельмі падобныя, яны дапаўняюць адзін другога. Гэта – франтавыя пабрацімы. Сеня гіне. Недарэчна, пакінуты замярзаць у снежнай пустыні Сцяпанам Кідалам. А незадоўга да гэтага Сеня, не спалохаўшыся, перакідваецца цераз земляны насып яшчэ з адным байцом, каб абясшкодзіць бомбу, якая кожную секунду можа выбухнуць і прынесці смерць. Рызыкуючы ўласным жыццём, баец выратоўвае сваіх таварышаў.

Не такі Сцяпан Кідала. Ён хоча, каб яго заўважылі. Ва ўсім, што ён робіць, хаваецца карыслівы разлік, жаданне ўцалець самому і ўзвысіцца над іншымі, каб камандаваць. Злачынна ён рызыкуе жыццём дзяўчат-зенітчыц. Не можа Кідала дараваць і Пятру Шапятовічу ягоную самастойнасць, рашучасць, сумленнасць. Канфлікт двух герояў вырастае далёка за рамкі прыватнага. Гэта канфлікт сумлення з прыстасаванствам, духоўнасці з бездухоўнасцю, чалавекалюбства з эгаізмам, маралі з амаральнасцю. Кідала – дэмагог, патэнцыяльны здраднік. На вайне, як мы бачым, у момант найвышэйшага напружання духоўных і фізічных сіл, перад тварам небяспекі выразна праяўляецца чалавечая сутнасць, калі адразу пачынаеш разумець “хто ёсць хто”.

Аповесць “Агонь і снег” – твор аўтабіяграфічны многімі сваімі рысамі. Тут праявіўся франтавы вопыт пісьменніка. Чытач не бачыць лёгкіх перамог. Наадварот, пісьменнік гаворыць пра тое, як мала людзі былі падрыхтаваны да вайны. Вайна для герояў I. Шамякіна стала суровым выпрабаваннем, экзаменам на сталасць, загартавала іх волю, характар, дала мажлівасць з годнасцю глядзець у вочы іншым, адчуваць, што мірнае жыццё здабыта дзякуючы і іх намаганням. Паказ чалавека на вайне, раскрыццё суровых ваенных будняў у беларускай літаратуры з поспехам развівалі І. Навуменка, В. Быкаў, I. Чыгрынаў і іншыя пісьменнікі.

Шырокі тэматычны дыяпазон творчасці пісьменніка. I. Шамякін – аўтар цікавых раманаў “Крыніцы” (1956) – аб жыцці вёскі ў пасляваенны час, “Сэрца на далоні” (1963) – пра Мінскае падполле, “Атланты і карыятыды” (1974) – пра архітэктараў, праблемы горадабудаўніцтва, гістарычнага твора “Петраград – Брэст” (1983), аповесцей “Шлюбная ноч” (1975), “Гандлярка і паэт” (1976), “Зеніт” (1987).

Раман “Сэрца на далоні”. “Доктар Яраш стаяў на даху веранды і свістаў, залажыўшы пальцы ў рот. Свістаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лісце. У блакітнай бездані неба ўзнімалася чарада чаграшоў. Галубы кружылі над дачай”. Так пачынаецца раман І. Шамякіна “Сэрца на далоні”. Яраш – доктар, знаўца сваёй справы, “хірург-ідэаліст, унікальная рэдкасць”, інтэлігентная асоба, ведае замежныя мовы, дысцыплінаваны. Але і “анархіст”, па ацэнцы сакратара гаркама партыі Гукана. Усе яны, галоўныя героі твора – Антон Яраш, Кірыл Шыковіч, Зося Савіч – жывуць у новым пасляваенным часе, на рубяжы розных сацыяльных паваротаў у грамадстве, але ў сваіх думках і марах персанажы заглыбляюцца ў нядаўняе мінулае, у часы Мінскага падполля, імкнучыся дакапацца да ісціны, каб адшукаць праўду аб тых, хто змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Сэрца на далоні” – твор сацыяльна-бытавы, раман вострых маральна-этычных праблем. У ім раскрываюцца важнейшыя зрухі ў жыцці грамадства, сцвярджаюцца шляхі людзей да маральнага ўдасканалення. У характарах персанажаў перамагаюць прынцыпы агульначалавечай маралі. Раман аб “размуроўванні” людскіх душ і сэрцаў, аб жыватворнай сіле праўды, аб нястрымным жаданні людзей жыць і працаваць сумленна, без фальшу, падману, хцівасці, здрадніцтва, існаваць без хлусні. У лёсе народа адбыліся адчувальныя змены: асуджаны культ асобы Сталіна, праўда пачала браць верх ва ўсім, людзі перасталі баяцца выказваць свае погляды, смела, адкрыта і рашуча выступалі супраць нягоднікаў, бюракратаў, чынуш, дэмагогаў-кар’ерыстаў. Мажліва, упершыню за многія гады да вайны і пасля вайны чалавек уздыхнуў свабодна, на поўныя грудзі, адчуў прыліў творчай энергіі, унутранай сілы. Здавалася, што цяпер усё пад сілу, нічога не перашкодзіць праўдзе.

Журналіст Кірыл Шыковіч задумаў напісаць кнігу пра Мінскае падполле, збірае матэрыял, знаёміцца з многімі людзьмі, якія працавалі ў Мінску ў час акупацыі. Большасць з іх заставаліся сумленнымі людзьмі, дапамагалі партызанам у барацьбе з ворагамі-чужынцамі. Сурова абышоўся з імі лёс, некаторыя апынуліся ў сталінскіх ГУЛАГах, іншыя дажывалі дні ў нястачы і адзіноце, пакінутыя ўсімі – уладай, знаёмымі, суседзямі. Такая Клаўдзія Сухадол – былая медыцынская сястра ў шпіталі ў Мінску ў часы акупацыі, зараз вясковая жанчына, збіральніца лячэбных траў, якую ўсе ў наваколлі завуць знахаркай. Аднойчы доктар Антон Яраш расказаў Кірылу Шыковічу пра сустрэчу праз дваццаць гадоў са сваёй выратавальніцай у гады падполля – Зосяй Савіч. Яна хавала Антона Яраша ў хаце свайго бацькі прафесара Сцяпана Савіча, які заставаўся галоўным урачом бальніцы пры фашысцкай акупацыі, карыстаўся павагай і даверам у новых нямецкіх гарадскіх уладаў, але дапамагаў партызанам. Зараз доктар Яраш павінен аперыраваць Зосю, у яе цяжкае захворванне сэрца. Пісьменнік Шыковіч прысутнічае пры аперацыі: “Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пісаў, вось яно, перад вачамі, у раскрытых грудзях. Невялікае, трапяткое, а галоўнае – жывое. Пульсуе, б’ецца…” Той, каго выратавала ў вайну Зося, зараз ратуе яе. “Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далоні. Жывое сэрца на далоні! І б’ецца, б’ецца, нібы хоча вырвацца”. Такое не забываецца. “Кірыла бачыў… сэрца на далоні. На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша”. Вось тады і захацелася яму “зазірнуць” у душы сумленных людзей, каб зразумець іх паводзіны ў гады вайны і падполля, каб вярнуць ім іх добрае імя. Фашысты – вылюдкі, яны знайшлі дзікунскі і дзіўны ход: ганебна расправіліся з падпольшчыкам доктарам медыцыны Сцяпанам Савічам. Распусцілі плёткі, што таго забілі партызаны, і арганізавалі яму ў горадзе пышнае афіцыйнае пахаванне. Варта праз гады дакапацца да ісціны. У выніку аказалася, што доктар Савіч – чысты, сумленны патрыёт. У ягонай хаце хаваўся Сажань-Гукан, які цяпер з’яўляецца адным з кіраўнікоў горада, але які ад палахлівасці і перасцярогі сам доўгія гады хаваў праўду пра мужнага сына зямлі беларускай. Лепей перасцерагчыся. Вобраз Зосі Савіч, якая “сто разоў памірала”, перажыла нямецкі канцлагер, высылку ў Сібір, атрымаўся даволі распрацаваным, у многім трагедыйным. У юнацкія гады ў яе нямала было ілюзій, яна шукала сваё месца ў агульнай барацьбе, пераадольвала захапленні рамантычнага юнацтва, была гатова ахвяраваць сабой у імя вызвалення ад ненавісных ворагаў, мужна перанесла недарэчную і загадкавую смерць бацькі, недавер да яе, допыты і зласлівыя позіркі пасля вайны, лагернае жыццё. Але яна засталася вернай і адданай дачкой свайго народа. Зося Савіч – “чыстае сумленне” беларускага народа.

Вобраз доктара Антона Яраша намаляваны даволі ўсебакова, разнастайнымі фарбамі. Антон Яраш – патрыёт, жыве, як дыхае, па “законах прыроды”, захоўвае і цэніць законы продкаў, праяўляе гуманнае стаўленне да іншых людзей, прыходзіць на дапамогу блізкім людзям, калі неабходна. Не вагаючыся, ён бярэцца за складаную аперацыю на сэрцы. Добры спецыяліст, ён, здавалася б, жыве разумна, рацыянальна. Аднак доктар Яраш не пазбаўлены рамантычнага ўспрымання навакольнага свету. Яму ўласцівы ірацыянальныя парыванні. Застаючыся сумленным найперш перад самім сабой і сям’ёй, жонкай Галінай, ён “перажывае” своеасаблівае фатальнае душэўнае захапленне, патаемнае каханне, страсць да іншай жанчыны. Вобраз доктара Яраша не ідэалізуецца ў рамане. Пісьменнік вывеў тып сучасніка, прафесіянала, змагара за праўду, вернага сына сваёй Бацькаўшчыны.

З большай сілай паддаецца імпульсіўным зрухам душы журналіст Кірыл Шыковіч. Сучасны Дон Кіхот, ён адважна кідаецца ў бой супраць падману, здзекаў, глуму. Актыўна выступае за справядлівасць, дабіваючыся праўды. Але праўда часу, праўда гісторыі бывае рознай, часамі вельмі пякучай. Крок за крокам аднаўляе ісціну Шыковіч, схіляючы да такой працы свайго сябра доктара Яраша. Удваіх ім лягчэй аддзяліць “зерне праўды” ад шалупіння маны і паклёпу. Шыковіч змагаецца за сэрцы і душы людскія, за тыя вышыні, якія “аддаваць” немагчыма не толькі ў ваенны, але і ў мірны час: ні ідэалагічным ворагам, ні чалавечаму забыццю, ні бюракратычным здзекам. Абодва героі, як і сам аўтар, змагаюцца за чысціню пачуццяў у чалавечым сэрцы, якое б’ецца на “далоні” часу і гісторыі.

Бясспрэчнай удачай у рамане стаў вобраз Гукана, чынушы, кар’ерыста, бессардэчнага кіраўніка, аднаго з “бацькоў-камандзіраў” горада, які хавае праўду, не дапускае станоўчай ацэнкі ўчынкаў многіх людзей у вайну і нават утойвае факты сваёй уласнай біяграфіі, жыве, як чарапаха, закрываючыся цвёрдым панцырам чэрствасці, эгаізму, падману. Так нараджаўся застой у сферы духоўных інтарэсаў. Балотнай цінай зацягвалася праўда часу, праўда веку, мялелі людскія душы. Для чыноўніка галоўнае – ніколі нічога нельга кранаць, каб не парушыць устойлівы і прывычны лад існавання. Каб чагосьці не выйшла.

Толькі неабыякавыя і сумленныя людзі, якія жывуць аголенымі нервамі, з “сэрцам на далоні”, могуць дабіцца, каб праўда ўзяла верх, здольны змяніць свет. Праўда пра вызваленчую барацьбу, праўда глыбіннага, якое ішло ад чыстага сэрца, супраціўлення ворагу ў рамане І. Шамякіна “Сэрца на далоні” перамагаюць. Твор раскрывае паўнату чалавечых адчуванняў і матывы паводзін мінчан у змаганні з чужынцамі ў ваеннае ліхалецце.

Творы пісьменніка прывабліваюць актуальнасцю, надзённасцю, сюжэтнай і кампазіцыйнай стройнасцю, займальнасцю і эмацыянальнасцю.

Пытанні для кантролю

1. У чым майстэрства І. Шамякіна-раманіста?

2. Суровая, непрыхарошаная праўда вайны ў аповесці I. Шамякіна “Агонь і снег” з пенталогіі “Трывожнае шчасце”.

3. Раскрыйце праблематыку рамана І. Шамякіна “Сэрца на далоні”.

4. Сюжэтная займальнасць і меладраматычнасць сітуацый у творы I. Шамякіна “Сэрца на далоні”.

5. У чым сэнс назвы рамана І. Шамякіна “Сэрца на далоні”?

6. Ахарактарызуйце вобразы доктара Яраша, Кірылы Шыковіча.

7. За якую жыццёвую праўду змагаюцца героі рамана І. Шамякіна “Сэрца на далоні”?


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации