Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 9


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 9 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Янка Сіпакоў – паэт у прозе, пісьменнік-аналітык. Яго проза лірычная па сваёй сутнасці, мяккая, акварэльная, малюнкавая, у нечым элегічная, паэтычная.

“Назавём гэты ціхі, спакойны, зялёны – з адных толькі хат і садоў пры іх – невялічкі райцэнтр, куды яе даўно ўжо гэтак цягнула, назавём проста і ў той жа час крыху элегічна – гарадок Учора” – вось пачатак апавядання “У гарадку, які называецца Учора”. Проза згаданага плана – глыбока эмацыянальная, пластычная ў нюансах і адценнях перадачы зрухаў душы і характару паводзін персанажаў.

Гэта якасна новы напрамак у беларускай літаратуры. Гэта проза еўрапейскага ўзору, сусветнай традыцыі белетрызаванай літаратуры.

Выразную філасофска-канцэптуальную аснову маюць многія апавяданні, аповесці і раманы Васіля Гігевіча, фізіка па спецыяльнасці, аднак глыбокага аналітыка сярод літаратараў па спосабе заглыблення ў матэрыял сучаснасці. У творчасці яго асабліва адчувальны рацыянальны пачатак, разгортванне ў мастацкіх вобразах думак аўтара. Варта прыгадаць раманы “Доказ ад процілеглага”, “Мелодыі забытых песень”, аповесці “Жыціва”, “Карабель”, “Кентаўры”, “Пабакі” і інш.

З’яўляюцца прыпавесць, сацыяльная фантастыка, антыўтопія ў прозе А. Мінкіна “Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў”, А. Наварыча “Дзённікі Рабунькі”. Выходзяць кнігі маладых: А. Федарэнкі “Смута”, А. Глобуса “Толькі не гавары маёй маме”, “Койданава”, А. Казлова “Незламаная свечка”.

Часта маральна-этычныя пастулаты, тэзісы, сентэнцыі разгортваюцца ў форме своеасаблівых лозунгаў. Пісьменнікі нібы “пераўтвараюць” новую рэальнасць, лагічна мажлівую, якая дазваляе паўней спазнаць асобу і матывы яе паводзін.

Інтэлектуальная проза беларускіх пісьменнікаў дазваляе паўней і глыбей пранікнуць у шматстайнасць нашай рэчаіснасці. Яна, несумненна, прадвеснік з’яўлення філасофскага рамана, аповесці.

Своеасаблівая “плынь свядомасці” – апавяданне Вольгі Іпатавай “Дваццаць хвілін з Немезідай”. Немезіда багіня кары. За што ж карае багіня галоўную гераіню? Стэла, маладая жанчына, выбегла з тэлестудыі, дзе яна працавала, каб дачакацца таксі і імчацца ў бальніцу, куды трапіў муж, аб чым ёй толькі што паведамілі. Тыя дваццаць хвілін, якія гераіня чакае таксі, і сталі яе спатканнем з багіняй кары. Гераіня прыгадвае першае студэнцкае каханне, паездкі з каханым у Сярэднюю Азію, памятае, як прасіў яе сябра: “Стэла! Толькі не стань драпежніцай!” Потым каханы загінуў, яна выйшла замуж, прызвычаілася, супакоілася, жывучы за спінай мужа, як за каменнай сцяной. Можа, таму і карае яе Немезіда, што не захацела, не пажадала яна ўзляцець увысь, падняцца да сапраўднага кахання, як Ікар да Сонца, не баючыся абпаліць крылы.

Выключная роля ў развіцці гістарычнага жанру належыць Уладзіміру Караткевічу, які напісаў нямала твораў пра мінуўшчыну.

Раманы і аповесці У. Караткевіча – лірыка-рамантычнага зместу. Яны грунтуюцца на канкрэтных гістарычных фактах. Запамінальныя яго творы “Нельга забыць”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і інш. У творах ажывае сівая даўніна, раскрываецца ўнутранае хараство чалавека на роднай зямлі. Беларусы і Беларусь у творчасці У. Караткевіча паўстаюць народам і краем са сваёй гісторыяй, сваімі традыцыямі, звычаямі, багатымі матэрыяльна і духоўна.

У. Караткевіч “будуе” ў творах наш нацыянальны дом, паказвае яркіх і самабытных людзей. Любоў і замілаванне да роднага краю выяўляецца з вялікай сілай у творчасці гэтага таленавітага мастака, майстра мастацкага слова, арыгінальнага творцы і самабытнага чалавека (“Зямля пад белымі крыламі”).

У творах У. Караткевіча раскрываюцца яркія і займальныя старонкі нашай гісторыі, апісваюцца ўзнёслыя і высокія пачуцці герояў, якія служаць свайму народу, свабодзе і праўдзе, кахаюць, радуюцца жыццю. Беларускую гісторыю пісьменнік у сваіх творах “выводзіць” з уласнага кораня, а не разглядае збоку. Яго творы бачацца менавіта беларускім мастацкім летапісам роднай зямлі.

Пра меліярацыю беларускага Палесся – раман Віктара Казько “Неруш”. У ім апісана невялічкая вёсачка Княжбор, якую трэба перасяляць, бо пачынаецца меліярацыя. У кнізе як бы два кругі падзей: спачатку тое, што нарабілі людзі, а потым тое, што яны сталі перажываць на зямлі, якую асушылі. Людзі вымушаны хадзіць і прасіць вады, цярпець пясчаныя, тарфяныя буры, прасіць заступніцтва ў маці-прыроды.

Вострыя экалагічныя праблемы ўзнімае ў творы “Паляванне на Апошняга Жураўля” пісьменнік Алесь Жук. Тужлівым крыкам, болем аддаецца ў сэрцы голас апошняга жураўля, які кожны вечар чуе праўдалюбец і заступнік усяго жывога на зямлі Сцяпан Дзямідчык. Але і ён, Сцяпан, гіне ў змаганні з браканьерамі, а на помніку на яго магіле сябры выб’юць абрыс жураўля.

“Сачыненне на вольную тэму” – такую назву носіць раман Анатоля Кудраўца. У цэнтры рамана – лёс чалавека, за ім – лёс народа. “Жыццё чалавека – гэта сачыненне на вольную тэму”, – кажа пісьменнік. Ніхто не прымушае выбіраць тэму, але тое, як ты пражывеш сваё жыццё, залежыць ад цябе самога.

Важкі ўклад у сучасную беларускую прозу ўнеслі Таіса Бондар (аповесці “Дзённік жанчыны”, “Жывыя жывуць”, “Час, калі нас любілі”), Лідзія Арабей (“Дзень мінулы, дзень наступны”) і інш.

Нельга не прыгадаць раманы А. Асіпенкі “Непрыкаяны маладзік”, П. Місько “Градабой”, аповесць I. Навуменкі “Інтэрнат на Нямізе”, яго ж раман “Летуценнік”.

Творам эпохі перабудовы можна назваць аповесць Івана Шамякіна “Драма” – аб ролі чалавечага фактару, аб тым, што трэба беражліва адносіцца да людзей. У цэнтры твора – дырэктар завода Васіль Ліхач, які прыняў перабудову і працуе на яе, ды ягоная былая каханка, сакратар гаркома, бюракрат з бюракратаў, Ала Уладзіславаўна Наліцкая, нізавошта не жадае саступаць новаму, перадавому. Драма пошукаў і страт завяршаецца для Ліхача трагедыяй. Аповесць напісана па гарачых падзеях часу.

З твораў сучаснай беларускай прозы нельга абысці раманы-біяграфіі, раманы-эсэ пра жыццё выдатных людзей нашай краіны. Сярод такіх кніг: “Як агонь, як вада” і “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае” A. Лойкі – пра Янку Купалу і Ф. Скарыну, “Крыж міласэрнасці” В. Коўтун – пра вядомую беларускую паэтэсу Цётку, “Пры апазнанні – затрымаць”.

B. Хомчанкі – пра Ф. Багушэвіча. Цікавыя творы Г. Далідовіча “Гаспадар-камень” пра мінулае Беларусі і Э. Ялугіна “Пасля нябыту” (“Без эпітафіі”) – пра Цішку Гартнага. “Агледзіны жыцця выдатных людзей, – пісаў В. Р. Бялінскі, – заўсёды выдатныя агледзіны. Яны ўзвышаюць душу і ўзбагачаюць духоўна”.

З поспехам выступаюць маладыя празаікі У. Ягоўдзік, Х. Лялько, А. Глобус, А. Наварыч, У. Сцяпан, А. Федарэнка і інш. Творчая моладзь шукае новыя тэмы, стылі, падыходы да асвятлення рэчаіснасці, якая ніколі не бывае застылай. Маладыя аўтары М. Адамчык, М. Шайбак і М. Клімковіч не без поспеху спрабуюць свае сілы ў развіцці прыгодніцкага жанру.

Акварэльная, пластычная, псіхалагічная проза Міхася Стральцова, тонкага лірыка і рамантыка, рэаліста, чые творы “На чацвёртым годзе вайны”, “Сена на асфальце”, “Свет Іванавіч, былы Дон Жуан” раскрываюць светапогляд чыстага, узнёслага пакалення, якое радуецца сонцу на роднай зямлі, росквіту прыроды і не ведае яшчэ пра пагрозу атамнай вайны, напоўнена рамантыкай першаадкрыцця свету і самых звычайных чалавечых ісцін, што складае аснову існавання. Натуральны чалавек у натуральных умовах паўстае ў паэзіі і прозе творцы. М. Стральцоў – выдатны крытык і літаратуразнаўца.

Звяртае на сябе ўвагу сучасная, праблемная, змястоўная проза Генрыха Далідовіча. Празаік стаў прадаўжальнікам коласаўскай традыцыі ў прозе. У цыкле аповесцей пра вясковых настаўнікаў “Усё яшчэ наперадзе”, “Міланькі”, “Завуч”, “Дырэктар” прасочваюцца рысы аўтабіяграфічнай прозы. Кнігі прозы “Цяпло на першацвет” (1976), “Маладыя гады” (1979), “Міланькі” (1980), “На новы парог” (1983), “Станаўленне” (1985), “Міг маладосці” (1987) адметныя лірызмам, псіхалагізмам. Шырокае прызнанне пісьменніку прынесла мастацка-гістарычная трылогія “Гаспадар-камень” (1986), “Пабуджаныя” (1988), “Свой дом” (1989), дзе на дакументальнай аснове ўздымаюцца праблемы станаўлення беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ ст. Г. Далідовіч пісьменнік, які добра разумее псіхалогію селяніна-працаўніка. Канцэпцыя чалавека – гаспадара на роднай зямлі яднае прозу Г. Далідовіча з творамі Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы.

Шырокую вядомасць набылі раманы на гістарычную тэму празаіка Леаніда Дайнекі, пасля выхаду якіх аўтара па праву пачалі называць паслядоўнікам У. Караткевіча. Нацыянальная гісторыя ажывае творах “Меч князя Вячкі” (1987), “След Ваўкалака” (1988), “Жалезныя жалуды” (1990). Творы напоўнены канкрэтнымі гістарычнымі фактамі часоў ВКЛ, у іх шырока выкарыстоўваюцца прыгодніцкія элементы, яны лёгка чытаюцца. Сюжэты твораў дынамічныя, радкі мускулістыя, словы выпраменьваюць душэўную энергію аўтара.

Аснова для надзеі на плённае будучае нашай літаратуры ёсць. Пра гэта сведчаць здабыткі старэйшых пісьменнікаў, аўтараў сярэдняга пакалення і настойлівыя пошукі зусім яшчэ маладых сучасных беларускіх празаікаў.

Сучасная беларуская проза – надзвычай багатая, мастацкі змястоўная, развітая ў жанрава-стылёвых адносінах, дасканалая – асэнсоўвае вострыя і складаныя праблемы глабалізацыі свету, выступаючы на абарону агульначалавечых каштоўнасцей і нацыянальнай традыцыі.

Сучасная беларуская літаратура з’яўляецца асноўнай скарбонкай, адной з галоўных захавальніц беларускай культуры, маралі, традыцый, норм, паводзін, зводам унутраных законаў, па якіх жыў ці жыве кожны чалавек і ўсё чалавецтва.

Пытанні для кантролю

1. Сучасная беларуская проза: жанры, стылі, праблематыка. Што такое эпас? Назавіце эпічныя жанры.

2. “Гістарычная” проза. Якіх аўтараў і якія творы гэтага напрамку вы ведаеце?

3. Духоўнае аблічча сучасніка ў беларускай прозе.

4. Як адлюстраваны ў сучаснай беларускай прозе вострыя маральна-этычныя праблемы: кахання, шлюбу, сям’і, асабістага і грамадскага, узаемаадносін паміж людзьмі?

5. Якія эстэтычныя аспекты дабра і зла, праўды і справядлівасці, гуманнасці знайшлі адбітак у сучаснай прозе?

6. У чым праяўляюцца наватарскія жанрава-стылёвыя магчымасці сучаснай беларускай прозы?

Паэзія

Сучасная беларуская паэзія – шматаблічная, шматфарбная, разнастайная па жанрах. Цікавы і багаты свет паэзіі, у якім раскрываецца тое галоўнае, чым жыве народ, унутранае жыццё нашага сучасніка.

Можна вылучыць чатыры асноўныя класічныя плыні, тэндэнцыі ў развіцці сённяшняй беларускай паэзіі.

Першы кірунак звязаны з класічнай традыцыяй, калі слова і форма знаходзяцца ў гармоніі, суладдзі, напоўнены дасканаласцю выяўлення, яснасцю і прастатой настрою, дыхаюць свежасцю, вызначаюцца выразнасцю пазіцыі, заглыбленасцю думкі. Такі класічны верш у беларускай паэзіі трывала звязаны з імем Аркадзя Куляшова. Нездарма паэт так часта і даволі ўдала перакладаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Лермантава з іх класічнай прастатой і дасканаласцю.

Другі кірунак – песенна-народны, характарызуецца трывалымі сувязямі з беларускім фальклорам. Ён жывіцца здабыткамі народнага духу, выкарыстоўвае багаты арсенал прыёмаў і сродкаў вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, зарыентаваны на народныя вытокі, нацыянальныя карані, вылучаецца адкрытасцю мастацкай сістэмы, даходлівасцю зместу, лаканічнасцю і прастатой.

Трэці кірунак – паэзія грамадзянскага пафасу, болю і смутку, радасці і перажывання, паэзія непрымірымасці з будзённым існаваннем, баявая, наступальная, спавядальна-прамоўніцкая, калі лінія разлому ў момант разбурэння ўстойлівага свету праходзіць праз сэрца паэта. Паэты гэтай плыні адстойваюць адвечнае і зменлівае, старое і новае, прычым робяць гэта нібы спавядаючыся, да донца вычэрпваючы сябе, свае перажыванні і трывогі, боль і пакуты. Яркім прадстаўніком такой паэзіі з’яўляецца Пімен Панчанка, паэзія якога не старэе. П. Панчанка “ваюе” з бездухоўнасцю, кар’ерызмам, чэрствасцю, эгаізмам, бюракратыяй, падманам. Паэзія Панчанкі ўзбуджана-задзірыстая, драматычна-наступальная, яна не перастае прыцягваць шматлікіх прыхільнікаў паэтычнага слова. Аўтар здзіўляе сваім майстэрствам, разнастайнасцю “тэхналагічных” прыёмаў пісьма. У кожным творы паэт дабіваецца поліфанічнага гучання слова – адзінага ў сваім родзе, трапнага.

Чацвёрты кірунак – развіццё філасофскай лірыкі, якую дасканала асвойваў Максім Танк, асабліва ў жанры свабоднага верша, або верлібра. Творы гэтага кірунку – аналітычныя, з заглыбленай думкай, са спакойнай інтанацыяй, трывалыя, важкія. Спакваля разгортваецца ў вершы думка-аповед, уражваючы чытача сваёй абгрунтаванасцю, філасофскім зместам.

Няма ў прыродзе з’явы ў чыстым выглядзе. Таму можна было б і не вылучаць падобных трывалых кірункаў і ў сучаснай паэзіі, але такія плыні лёгка заўважыць, хоць гэта крыху і звужае палітру сучаснай беларускай паэзіі, у поўным аб’ёме сваім шматгранную. Мы сапраўды маем шмат паэтаў, “добрых і розных”, якія ў творчасці сваёй працягваюць лепшыя традыцыі беларускай класікі, актыўна распрацоўваюць новыя паэтычныя пласты.

У беларускай паэзіі шмат слаўных паэтэс з самых далёкіх часоў. Назавём сённяшніх: Раіса Баравікова, Ніна Мацяш, Галіна Каржанеўская, Таіса Бондар, Валянціна Коўтун, Людміла Паўлікава, Валянціна Аколава, Валянціна Паліканіна, Таццяна Сівец.

На фоне ўсёй беларускай вершаванай творчасці найярчэйшай бачыцца бліскавічна-светлая паэзія Яўгеніі Янішчыц. Бачыцца сваёй зіхоткасцю, бліскавічнай яркасцю і вясёлкавай рознакаляровасцю, непаўторнасцю мелодыі душы і сэрца, гарманічнасцю пачуцця і думкі, сплавам моцных душэўных перажыванняў з глыбокай філасафічнасцю, якая ўключае настаўніцтва і прароцтва. У паэме “Сказ пра Лысую гару”, дзе сярод іншых заган савецкага часу адзначалася нясцерпнае жаданне многіх чыноўнікаў “ліквідаваць дашчэнту мову, якой Купала гаварыў”, сказана:

 
Але назло іх крыку “знішчыць!”
З глыбінь народнага жыцця
Увысь ірвалася Янішчыц —
Палесся мілае дзіця.
 

“Мілае дзіця” Беларускага Палесся, Я. Янішчыц шмат зрабіла ў беларускай літаратуры, пакінула пасля сябе яркі след сваёй творчасцю, хоць і пражыла нядоўга. Паэтычная творчасць развівалася ў межах універсітэцкага паэтычнага асяроддзя нават і тады, калі паэтэса ўжо была не звязана з родным БДУ ні вучобай, ні творчай працай у студэнцкім універсітэцкім літаб’яднанні “Узлёт”. Паэзія яе – строга акадэмічная, класічная.

Паэтэса выдала шэраг зборнікаў вершаў: “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987), кнігу вершаў і паэм “У шуме жытняга святла” (1988). Прызнанне прыйшло хутка. Я. Янішчыц стала лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, яе творчасць адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы.

Паэзія Яўгеніі Янішчыц – поліфанічная, гарманічная, узнёслая, але і зямная. Гэта – паэзія ведаў, паэзія адкрыцця, дзе простыя радкі і ясныя думкі, дзе гучыць музыка сэрца, высноўваецца жыццё…

Пражыць з каханнем! Гэта не проста, але гэта і так лёгка. Як у Я. Янішчыц, радкі якой аб каханні памятаюць і вучні і людзі сталых гадоў, хоць ніколі не завучвалі іх па-школьнаму. Класічныя радкі!

 
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.
 
(“Ты пакліч мяне. Пазаві”)

Яна плыла на чоўне па хуткай хвалі, ведаючы, што плынню ўсё роўна “знясе”. Яна бачыла далей. Ведала больш. Адчувала танчэй. Яна перасякала раку часу, кіруючыся заўсёды ў сваіх маральных пошуках “вышэй плыні”. Чытаем далей радкі з верша таленавітай паэтэсы:

 
I тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві —
Першы поспех і першыя крокі.
 

Выдатныя вершы. А напісаны яны яшчэ зусім юнай студэнткай, на пачатку вучобы ва ўніверсітэце.

Так званая жаночая паэзія – гэта драматычная лірыка чалавечых страт і пакут, болю, трывог, спадзяванняў і расчараванняў, разладу з рэчаіснасцю, лірыка глыбокіх чалавечых адчуванняў, часам гэта лірыка “плачу без слёз”, паэзія спагады, спатолення душы, лірыка пратэсту супраць марнатраўства жыцця, супраць бездухоўнасці існавання. Найчасцей – гэта паэзія даверу, шчырасці, любові, ласкі, душэўнай цеплыні.

 
На Ваша “ты” сказаць Вам “ты” не смею,
I калі позірк позіркам злаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею.
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
 
 
Святла, што падарылі, не растрачу,
I шчырых слоў ніколі не згублю.
…Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
 
(“Люблю”)

Так спавядаецца лірычная гераіня паэзіі Ніны Мацяш. У іншым вершы яна шчыра прызнаецца ў незгасальнай любові да Радзімы, да Беларусі:

 
Кім бы я была,
Чым бы я была
Без твайго крыла,
Мая Радзіма?
 

Вершы ўражваюць ёмістасцю радка, дакладнасцю псіхалагізму, выверанасцю інтанацый.

Талент Ніла Гілевіча моцны сатырычным пафасам, гумарыстычнымі інтанацыямі, і калі паэт “зачэрпвае” са сваёй душы, што называецца “з дна”, абурэнне з’явай, свой гнеў, узнімаецца да іроніі, сарказму і абрушвае ўсё гэта на носьбітаў зла, нараджаюцца цудоўныя радкі, у якіх сплаўлена лірыка, публіцыстыка, сатыра, гумар. Усё гэта стварае глыбокі падтэкст, абагульненне.

Н. Гілевіч у сваёй творчасці арыентуецца на паэтыку беларускіх народных песень, на эмацыянальнасць і пачуццёвасць твораў (зборнікі “А дзе ж тая крынічанька?”, “Перазовы”, раман у вершах “Родныя дзеці”).

Блізкі да народнай традыцыі ў вершаскладанні паэт Алег Лойка, хоць у яго творчасці звяртае на сябе ўвагу інтэлектуальны пачатак, філасофская заглыбленасць, большы напал моцных пачуццяў, павышаная эмацыянальная энергія слова, драматызм і напружанасць радка:

 
Палюбіў я светлы свет,
А любіць – балюча…
 
(“Вішні, вішні – белы цвет…”)

Гэта радкі высокай пробы сапраўднага паэта філасофскага складу. Такім унутраным свячэннем напоўнены вершы са зборнікаў “Каб не плакалі кані”, “Пачуцці”, “Лінія жыцця”, “Скрыжалі”. Аднак найперш А. Лойка паэт-лірык, які імкнецца адгукацца на найтанчэйшыя зрухі чалавечай душы, спазнаваць сутнасць рэчаў і з’яў, ісці да чалавека праз чалавечае, праз яго заклапочанасць справамі, думкамі, пачуццямі. Звяртаючыся да каханай, якую ён сустрэў у маладыя гады і якая стала для яго спадарожніцай на ўсё жыццё, праз многія гады паэт гаворыць:

 
Заўсёды трошкі таямніцай
Была ты для мяне і ёсць:
Чагосьці светлага крыніцай,
Перад якім я – толькі госць.
 
(“Заўсёды трошкі таямніцай”)

А. Лойка ўмее знайсці ў паэзіі слова жывое, адзінае, трапнае, напоўненае высокім сэнсам. З поспехам паэт выступае ў жанры верлібра, перакладае на беларускую мову з іншых моў народаў свету (нямецкай, французскай). Трапяткое пачуццё паэта пастаянна прымушае пульсаваць думку, абуджае свядомасць.

З плеяды паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 60-х гадах ХХ ст., вылучаецца Рыгор Барадулін – паэт грамадзянскага напалу, актыўны, наступальны, паэт шырокага творчага дыяпазону, якому аднолькава добра ўдаюцца вершы многіх жанраў, які ўмее карыстацца шматлікімі паэтычнымі формамі. Вострая паэзія Р. Барадуліна – па-грамадзянску мужная, смелая, дасканалая ў мастацкіх адносінах, у ёй бачна прага адкрываць паўнату жыцця, яго хараство і выключнасць (“Нагбом”, “Свята пчалы”).

Актыўна асвойваюць многія тэмы сучаснасці ў беларускай паэзіі В. Зуёнак, Г. Бураўкін, У. Скарынкін. У сваіх творчых пошуках паэты ідуць ад народнага светаўспрымання.

 
Слова маё! Я ў цябе не прашу
Ні славы, ні ўзнагароды.
Ціха і проста зайдзі ў душу
I застанься там… назаўсёды… —
 

так пісаў Г. Бураўкін у вершы “Слова маё”, выяўляючы настроі і светаадчуванне многіх сваіх аднагодкаў.

Старэйшая плеяда паэтаў – адна з самых шматлікіх і ўнутрана цэласных у гісторыі паэтычных “прызываў”:

A. Вярцінскі, Р. Барадулін, П. Макаль, Н. Гілевіч, С. Гаўрусёў, А. Лойка, У. Караткевіч, Я. Сіпакоў, Г. Бураўкін, Ю. Свірка, В. Зуёнак, А. Грачанікаў і інш. Усіх іх аб’ядноўвае тое, што яны прыйшлі ў літаратуру ў часы так званай хрушчоўскай адлігі, гэта паэты трыццатых гадоў нараджэння, злучаныя агульнай памяццю перажытага.

“Высокае неба” паэтычнага ідэалу імкнецца захаваць у філасофска-інтэлектуальнай паэзіі А. Вярцінскі. Ён за кранае шматлікія аспекты чалавечага існавання – сацыяльны, маральны, агульначалавечы (зборнікі “Чалавечы знак”, “Час першых зорак”, “Ветрана”).

Са “злачынствам нематы” імкнецца “ваяваць” з дапамогай паэзіі П. Макаль, выяўляючы глыбінны дотык да зямлі і неба, далучэнне да ўсяго існага, адвечнага. Аб сваім пакаленні паэт гаворыць наступнымі радкамі:

 
– Вы адкуль?
– Мы – ад куль.
Мы – з вайны.
Мы – званы.
 
(“Вы адкуль?”)

Нібы раскалыханы звон, магутна і велічна “гучыць” паэзія Я. Сіпакова. У зборніку “Веча славянскіх балад” як быццам ажывае гістарычная памяць славянскіх на родаў, іх векавечны вопыт, нагадваюцца шматлікія эпізоды жыцця гэтых народаў, якія нібыта сышліся на сваё веча.

Каштоўнасць адчування роднай зямлі, жыцця працаўніка на ёй, плёну гэтага жыцця характэрна для паэзіі B. Зуёнка (“Сяліба”, “Маўчанне травы”).

Актыўна ў беларускай паэзіі распрацоўваецца тэма еднасці і злітнасці чалавека і прыроды, “раўнапраўя дрэў і людзей” (П. Панчанка). Паэты шчыра здзіўляюцца цудам жыцця, імкнуцца да паўнаты адчування хараства ў свеце. “Дрэвы паміраюць, калі перастаюць пазнаваць змену года і не адгукаюцца рэхам… Чалавек – калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём”, – пісаў М. Танк. Ад тэмы прычынення да ўсяго існага на зямлі да ўвасаблення паўнаты чалавечага шчасця ідзе сучасная беларуская паэзія.

Удалымі былі дэбюты ў паэзіі Р. Семашкевіча, К. Камейшы, М. Дуксы, Ю. Голуба. Іх паэтычныя пошукі накіраваны на тое, каб адкрыць час і сябе ў сваім часе. Тэмы іх твораў – мары аб будучым, родны дом, вёска, Радзіма, лёсы людскія, прырода бацькоўскай зямлі.

Чарнобыльская тэма стала адной з тых, што не даюць супакоіцца, абуджаюць трывогу паэта М. Мятліцкага.

Музыкай кахання напоўнены вершы маладых беларускіх паэтэс Ірыны Багдановіч, Галіны Булыка, Любові Турбіной, Вольгі Куртаніч, Людмілы Паўлікавай, Таццяны Сівец, Ніны Шкляравай, Валянціны Паліканінай.

Маладыя паэты ідуць у літаратуру настойліва, актыўна шукаюць, эксперыментуюць. У розныя гады гучна заявілі аб сабе Алесь Разанаў, Сяргей Давідовіч, Адам Глобус, Леанід Галубовіч, Анатоль Сыс. Яны розныя па сваіх поглядах на жыццё, па творчай манеры, па спосабе адлюстравання паўсядзённай рэчаіснасці. Маладыя аўтары “будуюць масты” паміж днём сённяшнім і будучым. Гэта пра іх напісаў А. Вярцінскі:

 
Ты ў такім шчаслівым узросце,
калі сэрца не знае злосці,
калі ўсё яшчэ наперадзе —
і дарогі, і масты,
калі ўсё – на тым беразе,
а на гэтым – толькі ты.
 
(“Ты ў такім шчаслівым узросце”)

Сярод сучасных паэтаў вылучаецца Алесь Разанаў, творчасць якога вось ужо на працягу доўгіх гадоў па-сапраўднаму хвалюе шматлікіх прыхільнікаў таленту паэта. А. Разанаў – творца незвычайны. Ён працуе ў шматлікіх паэтычных жанрах, многа эксперыментуе, “прывівае” на дрэва беларускай паэзіі новыя паэтычныя формы – версеты, квантэмы, хоку, паэтычныя мініяцюры і інш.

А. Разанаў – паэт філасофскага мыслення, аналітычнага зроку, які на любы стан рэчаў і ход падзей глядзіць глыбакадумна, з пэўнай доляй умоўнасці, асацыятыўна, па-мастакоўску вобразна. Так робіць А. Разанаў нават тады, калі малюе беларускую прыроду. Як трава вырастае з зямлі, так натуральна без паэтычных аздоб і прыкрас вырастаюць вершы А. Разанава. “Лепет сэрца і шэпт фантазіі” – вось што такое многія радкі гэтага паэта. Паэзія вырастае з хаосу, з цемры, з рытму сэрца, з гармоніі, суладдзя. У А. Разанава многія вершы менавіта такія. Паэзія яго – гэта фотаздымак нябачнага ў душы паэта, хвіліна роздуму, трымценне душы, яшчэ не абуджанае пачуццё. Ледзь акрэсленае светаадчуванне, ледзь згаданае пачуццё пад пяром паэта набываюць паэтычную сілу і моц.

За зборнік “Вастрыё стралы” (1990) А. Разанаву прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. Паэт пастаянна знаходзіцца ў адкрыцці новага, нязведанага яшчэ свету, у жаданні выказаць самае запаветнае, таямніча-няўлоўнае, найтанчэйшыя зрухі чалавечай душы.

Адразу пасля выхаду ў свет першых зборнікаў вершаў звярнуў на сябе ўвагу Леанід Галубовіч. Ён пазбягае гучных інтанацый, яго вабіць найперш шчырасць, давер, рэчы простыя і вечныя, людзі з роднай яму зямлі. У зборніку “Таемнасць агню” паэт кажа:

 
…Пакуль не скажа дзед які
З развагай аналітыка:
Хлеб трэба сеяць, мужыкі,
Без хлеба – дрэнь палітыка.
 
(“Палітыка”)

Паэтам нялёгка ў сённяшнім неўсталяваным свеце, іх прыгнятаюць многія праблемы часу, няпэўнасць, боль і трывога нашых дзён. Ажываюць даўнішнія вобразы паэзіі маладых: Сонца, Дом, Маці, Чалавек, Пагост… Л. Галубовіч разумее, што

 
Ты – боль, паэзія. Ты – бой.
Ты – праўды непрыступнай вежа.
Я – праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..
 
(“Ты – боль, паэзія”)

Даўно, відаць з 20-х гадоў ХХ ст., не было ў нашай паэзіі падзелу паэтаў на “гарадскіх” і “вясковых”. Кумірам вясковай моладзі ў свой час з’яўляўся М. Чарот. “Паэтам прамысловага гораду” лічыўся А. Александровіч (“Па беларускім бруку”). Але вось з прыходам у паэзію Адама Глобуса крытыка загаварыла пра ўрбаністычнае паэтычнае мысленне аўтара, які ўмее пісаць маляўніча, умее перадаваць мастакоўскі погляд на рэчы і з’явы:

 
…Хлапечае жыццё мікрараёнаў
Заблыталася ў бітумнай смале.
Будзільнікам зялёным, электронным
Мільгае вока часу на стале…
 
(“Горад”)

У беларускую паэзію прыйшло новае пакаленне паэтаў – дзяцей сучаснага горада.

У Анатоля Сыса ў вершах вельмі ўзмоцнены асабісты погляд на жыццё. Творы яго нязвыклыя, разлічаныя на знешні эфект. Кожнае слова б’е ў сэрца, каб здзівіць, аглушыць, каб ускалыхнуць душу чытача, апелюючы да асноватворнага, да гістарычнага мінулага, да нашых каранёў і традыцый, да выдатных асоб зямлі беларускай. Гісторыя пераплятаецца ў вершах з сучаснасцю, біблейскія матывы перамяжоўваюцца з сённяшнімі сімваламі (зборнікі вершаў “Агмень”, “Пан Лес”).

Замілавана, хвалююча і хораша гаворыць пра сваё захапленне высокім святлом беларускай прыроды, пра сваё адчуванне, пра саборнасць прыроды і народа паэт Анатоль Вялюгін:

 
З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
У спелым леце, спелы бор,
звіняць твае званіцы.
 
(“Спелы бор”)

А. Вялюгін натуральна і вельмі пранікліва малюе тую незвычайную пару года на Беларусі, калі зацвітаюць дрэвы, расквечваюцца белымі пялёсткамі, стаяць, як смятанай аблітыя, яблыні, грушы, слівы, а тут раптам “на цвет” надыходзяць халады – гэта зацвітае чаромха. Іх так і называюць у народзе – “чаромхавыя халады”. Чытаем у кнізе “Адрас любві”:

 
Па ярах сумётамі – белая чаромха,
Салаўі шалёныя б’юць на ўсе лады.
Заінела пер’е майскага чароту:
Выветрыўшы неба,
Ходзяць халады.
 
(“Чаромхавыя халады”)

Беларусы здаўна належалі да цывілізацыі лесу. Яшчэ ў мінулым стагоддзі 80 % тэрыторыі нашай краіны заставалася пакрытай лясамі. Выпрамляючы рэкі і асушваючы балоты, людзі “выпроствалі” ўласныя душы. “Азону, – просім мы, – азону!” – пісаў П. Панчанка. Прырода Беларусі – гэта частая змена краявідаў: балотца, лясок, рачулка, азярцо. Тут няма аднастайнасці пейзажаў, нават песень у народзе не існуе пра бяскрайнія стэпы, моры, горы. Затое ёсць шмат вершаў пра дарогі, сосны, валуны, матчын хлеб, вятры, жыта, сонца. Паэт Васіль Зуёнак у зборніку “Сяліба” выказвае трывогу за ўсё жывое на зямлі:

 
Паміж сэрцам маім і трывогай —
Як сцяна – два крутыя парогі…
Пыл на крылах вятроў развею,
Ля дарогі жыта пасею…
Я прыйду,
Я прыйду да вас, людзі,
Хай трывога мне сэрцам будзе!
 
(“Сяліба”)

Лірычна-ўзнёслая, светлая і патрыятычна напоўненая паэзія Генадзя Пашкова, узбагачаная вопытам эпохі, асабістымі перажываннямі за ўсё, што робіцца на зямлі. Г. Пашкоў – паэт непаўторны, яркі самабытны.

 
Ёсць Паэт.
І якая паэта натхніла.
Назавём яе імем славянскім —
Людміла.
 
(Са зборніка паэзіі “Тваім святлом благаславёны”)

Вершы шматлікіх паэтаў жывуць у часе і прасторы, жывяць душу і сэрца чалавека. Як верш, што стаў народнай песняй, – “Ручнікі” паэтэсы Веры Вярбы.

 
У суботу Янка
Ехаў ля ракі,
Пад вярбой Алена
Мыла ручнікі.
– Ой, Алена-сэрца,
Дай тваю руку!
Дзе тут пераехаць
Мне уброд раку?
 

Дыялог сарамлівага закаханага юнака з працавітай і непрыступнай дзяўчынай завяршыўся нараджэннем высокага пачуцця кахання.

Беларускія саматканыя вышываныя ручнікі на рачной гладзі, якія плывуць удалячынь па вірлівай плыні вады, у вершы з’яўляюцца сімвалам вернасці, чысціні пачуццяў. Ручнікі рассцілалі маладым пад ногі ў час прымання шлюбу – “злюбу”. Тут перад маладымі, усёй краінай і прыродай ляжыць вечнасць – прастор, сонца, рака часу. “Хай ім пасвеціць і маё каханне”, – кажа В. Вярба.

Душэўным надрывам, сардэчнай трывогай напоўнена паэзія адной з самых яркіх беларускіх паэтэс сучаснасці Раісы Баравіковай, у творах якой чуецца і “голас, падобны на ўсхліп пакрыўджанай дзяўчынкі”, і скрушны сум, што “вось і стала я разлучніцай”, хоць была “цярплівай”, “не дарма ў гонары чакала твой званок”. Паэзія кахання Раісы Баравіковай – яркая, высокая, узнёслая – паэзія страт, пакут, расчараванняў, вернасці і вышыні, калі закаханая ідзе да любімага, “быццам на смерць”, не патрабуючы нічога ўзамен. “Я сама табе ў рукі прыйду”, – кажа паэтэса. “Ты якога, дзяўчына, роду? Я – бацькоўская дачка”. А той дзень, сапраўды “высокі і шчаслівы”, калі пакахала паэтэса, яна хоча, як сонца, “над зямлёй падняць”.

 
Гляджу на ўсё вачамі маладымі,
і гнеўнымі, і добрымі ўдвая…
Каханне і прынізіць, і… уздыме,
пакуль у ім жыве душа мая.
 
(З кнігі паэзіі “Каханне”)

Так сведчыць паэтэса. І ёй верыш, бо паэзія – гэта сапраўдны ўзлёт душы.

Паэзія для Р. Баравіковай заўсёды была і застаецца нязменна высокай і святой. Яе вершы саграваюць душу цеплынёй пяшчоты, закаханасці, выпакутаванасцю пачуццяў. Яны выклікаюць душэўнае суперажыванне. Гэта гісторыя ўсяго свету, што знайшла адбітак у душы. Яе паэзія, як неба, узвышае і палоніць, кліча да сябе. Зборнікі паэзіі Р. Баравіковай: “Рамонкавы бераг” (1974), “Слухаю сэрца” (1978), “Такое кароткае лета” (1981), “Адгукнуся голасам жалейкі” (1984), “Каханне” (1987), “Пад небам першага спаткання” (1990), “Люстэрка для самотнай” (1992).

Паэзія неабходна чалавеку. Ёсць паэзія ведаў. Ёсць паэзія пачуццяў. Захапляе патрыятычная лірыка. Уражваюць пейзажныя радкі, чароўная інтымная лірыка. Ёсць вершы-субяседнікі, вершы-песні. Ёсць проста вершы, якія выказваюць простыя пачуцці. З-пад пяра паэта выходзяць звычайныя радкі і незвычайныя вершы. Вершы становяцца высокай паэзіяй, калі яны народжаны ўзлётам душы і гармоніяй сэрца. Свет паэзіі чароўны, непаўторны, шматаблічны. Нельга прапусціць ніводнага зруху душы.

Кожны радок, напоўнены душэўным парываннем, не загіне, не знікне без следу, абавязкова захаваецца і адгукнецца ў сэрцах новых пакаленняў. Паэты пазнаюць бязмежжа, спасцігаюць вечнасць. Таму паэзія – гэта найвялікшае апраўданне сэнсу і зместу чалавечага жыцця, паэтычны радок можа і павінен засведчыць шматлікія адметнасці чалавечага існавання, зрабіць бессмяротнымі творцаў.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации